Улады не згадзіліся на амністыю для ІП ды ўвоз мікрапартыяў тавараў без накладных


«Міністэрства па падатках і зборах сёння завярнула ўсю нашую работу за апошні месяц», – пракаментавала лідарка віцебскіх прадпрымальнікаў Ірына Яскевіч сустрэчу з беларускімі чыноўнікамі.

1 сакавіка ў Міністэрстве эканомікі завершылася чарговая сустрэча чыноўнікаў з ІП. Беларускія чыноўнікі не прынялі прапанову амністыі для гандляроў, якія атрымалі штрафы ці канфіскацыю тавару з ліпеня 2014 і да студзеня 2016.

Нагадаем, менавіта ад вырашэння гэтай праблемы залежала, ці змогуць ІП зачыніць сваю справу без спагнанняў.

Акрамя гэтага Міністэрства падаткаў і збораў адмоўна адказала на яшчэ адну ключавую праблему, не згадзіўшыся на ўвоз прадпрымальнікамі мікрапартыяў тавару без накладных.

«Яны згодныя абмяркоўваць толькі мінімізацыю штрафаў, – кажа Ірына Яскевіч. – Я расчараваная. Я не ведаю, што казаць заўтра на сходзе ў Віцебску. Я з задавальненнем ўзяла б з сабой каго-небудзь з падаткавікоў, каб яны самі паведамілі пра гэта людзям».

Прадпрымальнікі з рабочай групы збіраюцца накіраваць ліст першаму намесніку прэм’ер-міністра Беларусі Васілю Мацюшэўскаму. Паводле Ірыны Яскевіч, на чыноўнікаў з рабочай групы ў іх спадзеваў ужо няма.

«Улады падставілі канструктыўную частку рабочай групы, якая верыла ім», – пракаментаваў вынікі паседжання групы старшыня РГА «Перспектыва» Анатоль Шумчанка.

Наступнае паседжанне ў Міністэрстве эканомікі запланаванае на 9 сакавіка.

ХМ, belsat.eu

Стужка навінаў