Мінэнергетыкі: На БелАЭС загінулі не дзесяць, а тры асобы


Намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк не пагаджаецца з лічбамі пацярпелых, якія раней агучваў Мікалай Уласевіч, адзін з ініцыятараў антыядравай кампаніі «Астравецкая АЭС – гэта злачынства!»

Паводле чыноўніка, за час будавання электрастанцыі на будаўнічай пляцоўцы загінулі толькі тры чалавек.

«У сродках масавай інфармацыі гучалі лічбы, што дзесяць чалавек загінула. Ды не загінула там дзесяць чалавек. Было дзесяць няшчасных выпадкаў на будаўніцтве за ўсе гэтыя гады. Пры такім аб’ёме, калі на будаўніцтве працуе больш за пяць тысяч чалавек, больш чым на ста аб’ектах, чалавечы фактар, на жаль, часам спрацоўвае», – сказаў чыноўнік.

Паслізнуўся, упаў

Паводле Міхадзюка, усе тры няшчасных выпадкі адбыліся па віне саміх працаўнікоў.

«У адным выпадку стопаршчык не замацаваў груз – балон – як належыць. Адзін няшчасны выпадак звязаны з асабістай неасцярожнасцю пацярпелага – сходзіў з лесвіцы, паслізнуўся, упаў і, на жаль, атрымаў смяротную траўму. А трэці выпадак – гэта падзенне з вышыні, калі рабочы не прышпіліўся страховачным поясам, хоць пояс у яго быў».

Пры гэтым будаўніцтва Беларускай АЭС не будзе прыпынена, заявіла першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ія Малкіна на прэс-канферэнцыі па выніках другога раўнда двухбаковых кансультацый беларускіх і літоўскіх экспертаў па пытаннях будаўніцтва ў Астраўцы.

Цяпер Беларусь і Расея абмяркоўваюць дэталі замены корпусу пашкоджанага рэактара.

ДР belsat.eu паводле БелаПАН

Стужка навінаў