Улады Мальты прапануюць 1 млн еўра за звесткі пра забойства журналісткі


Улады Мальты прапанавалі ўзнагароду ў 1 млн еўра за інфармацыю, якая дапаможа раскрыць забойства мальтыйскай журналісткі Дафне Каруаны Галісіі, паведамляе агенцтва AFP.

Абвясціўшы пра ўзнагароду, улады таксама паабяцалі абараніць ўсіх, хто мог бы даць інфармацыю пра забойства журналісткі.

Урад Мальты заявіў, што ён “цалкам прыхільна ставіцца да расследвання забойства” і прыцягнення вінаватых да адказнасці.

Паведамляецца таксама, што паліцыя працягвае збор доказаў. Следчыя вывучаюць цыгарэтныя недапалкі, знойдзены непадалёк ад месца выбуху, якія мог пакінуць чалавек, што актываваў выбухоўку.

Нагадаем, 16 кастрычніка на Мальце ў выніку выбуху аўтамабіля загінула журналістка Дафне Каруана Галісія, якая расследавала карупцыйныя злачынствы ў рамках праекта Panama Papers.

53-гадовая Каруана Галісія была аўтарам папулярнага блога, у якім пісала пра выпадкі карупцыі сярод высокапастаўленых палітыкаў.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў