Улады Іспаніі адклікалі ордэр на арышт экс-кіраўніка Каталунні


Вярхоўны суд Іспаніі адклікаў ордэр на арышт былога кіраўніка ўрада Каталунні Карлеса Пучдэмона. Ордэр дзейнічаў на тэрыторыі ўсяго Еўразвяза. Сам Пучдэмон цяпер знаходзіцца ў Бельгіі.

Такім чынам, Пучдэмон і чатыры былыя міністры ўрада Каталунні больш не знаходзяцца ў міжнародным вышуку. Як удакладніў суддзя Вярхоўнага суда Іспаніі Пабла Ларэна, на радзіме палітыкам па-ранейшаму пагражае крымінальны пераслед паводле абвінавачвання ў сепаратызме і непадпарадкаванні законнаму ўраду.

Аднак ордэр на арышт Пучдэмона на тэрыторыі Іспаніі па-ранейшаму застаецца ў сіле.

Паводле словаў суддзі, ордэр на арышт на тэрыторыі ЕЗ быў адкліканы, паколькі Пучдэмон і ягоныя паплечнікі прадэманстравалі відавочны намер вярнуцца ў Іспанію напярэдадні выбараў 21 снежня.

Нагадаем, улады Іспаніі адхілілі Пучдэмона і яго калег ад улады ў Каталунні пасля праведзенага 1 кастрычніка рэферэндуму аб незалежнасці рэгіёну, пасля чаго Пучдэмон і шэраг каталунскіх міністраў уцяклі ў Бельгію. Там яны былі затрыманыя паліцыяй, але пасля адпушчаныя пад падпіску аб нявыездзе.

Рэферэндум аб незалежнасці Каталунні не прызналі ні ў Мадрыдзе, ні на агульнаеўрапейскім узроўні.

КА, belsat.eu

 

Стужка навінаў