Улады Ірану: ваенны, які збіў украінскі «Boeing», ужо ў турме


Міністр замежных справаў Ірану Мухамед Джавад Зарыф. Фота – Valery Sharifulin / TASS / Forum

Чалавек, з віны якога лайнер «Міжнародных украінскіх авіялініяў» разбіўся пад Тэгеранам, знаходзіцца ў турме, заявіў у інтэрв’ю «Der Spiegel» міністр замежных справаў Ірану.

Пасля пытання журналіста нямецкага выдання пра тое, чаму ўладам Ірану спатрэбілася тры дні на прызнанне памылкі сваіх вайскоўцаў, кіраўнік вонкавапалітычнага ведамства гэтай краіны Мухамед Джавад Зарыф заявіў пра «складаную сітуацыю» ў «складаны час».

«Іншым патрабавалася значна больш часу. Амаль 32 гады таму ЗША збілі іранскі пасажырскі самалёт. На сённяшні дзень яны так і не прынеслі афіцыйных выбачэнняў. Амерыканскі афіцэр, адказны за яго знішчэнне, нават атрымаў медаль. Між тым іранец, які збіў украінскі самалёт, цяпер знаходзіцца ў турме», – сказаў Джавад Зарыф.

Паводле дыпламата, урад Ірану не нясе адказнасці за тое, што на прызнанне памылкі спатрэбіліся тры дні. Паводле міністра, да канчатковай высновы, што гэта было зроблена кімсьці па памылцы, вышэйшае ваеннае кіраўніцтва Ірану прыйшло да высновы больш чым праз два дні пасля здарэння.

«Як толькі аб гэтым стала вядома рэвалюцыйнаму лідару, ён запатрабаваў, каб грамадскасць была паінфармаваная. Гэта здарылася ў суботу раніцай. Гэта быў вельмі балючы тыдзень», – дадаў Джавад Зарыф.

На пытанне выдання, ці не было безадказна з боку іранскіх уладаў не закрыць паветраную прастору краіны ў ноч нападу, чыноўнік заявіў, што Тэгеран не знаходзіўся ў зоне баявых дзеянняў.

«Мы восем гадоў вялі вайну супраць Іраку, не закрываючы сваёй паветранай прасторы», – дадаў ён.

Пасажырскі самалёт рэйсу PS752 пасажырскі «Boeing» авіякампаніі «МАУ» разбіўся ў небе над Тэгеранам 8 студзеня. Загінулі ўсе 176 чалавек, якія былі на борце.

11 студзеня Генштаб Узброеных сіл Ірану заявіў, што іранскія вайскоўцы збілі лятак праз памылку. Паводле ведамства, лятак зблізіўся да аднаго з ваенных аб’ектаў іранскага Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі. Аператар сістэмы супрацьпаветранай абароны прыняў самалёт за крылатую ракету і, не дачакаўшыся ўказанняў кіраўніцтва, збіў яго.

Аб’ектыў
Іран прызнаўся ў збіцці самалёту. Але віну ўсклаў на ЗША
2020.01.11 21:41

У той жа дзень прэзідэнты Украіны і Францыі дамовіліся, што расшыфроўкаю «чорных скрыняў» «боінга», які збілі іранскія вайскоўцы ў небе над Тэгеранам, зоймуцца французскія эксперты.

19 студзеня агенцтва «IRNA» заявіла, што Іран пакуль не плануе перадаваць чорныя скрыні «боінга» за мяжу і займаецца іх расшыфроўкаю самастойна.

Украіна або Францыя атрымаюць скрыні, калі іх не атрымаецца расшыфраваць іранскім спецыялістам, дадаў кіраўнік аддзелу расследавання здарэнняў Арганізацыі грамадзянскай авіяцыі Ірану Хасан Рэзаефар.

20 студзеня Іран удакладніў, што па борце выпусцілі дзве ракеты «Тор-М1» класу «зямля – ​​паветра» праз тры хвіліны пасля таго, як самалёт вылецеў з аэрапорту імя імама Хамейні, падаў «Bloomberg».

ДД belsat.eu

Стужка навінаў