Камандуючы Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі (частка ўзброеных сіл Ірану) генерал Махамад Алі Джафар абвясціў пра канец «бунту» у гарадах Ірану. Генерал пад «бунтам» меў на ўвазе антыўрадавыя пратэсты, што пачаліся 28 снежня.
«Сёння мы можам сказаць, што наступіў дзень, калі мяцеж скончыўся», – сказаў камандуючы КВІР.
Паводле Алі Джафара, пратэстоўцы былі звязаныя з тэрарыстычнымі групамі, якія кіраваліся з-за мяжы.
«Нашыя ворагі ведаюць, што іх пагрозы ў ваеннай і іншых сферах не спрацуюць супраць Ірана, і яны пацерпяць няўдачу», – адзначыў ён, паведамляе Fars.
Як паведамляе тэлеканал «Аль-Джазіра», Іран абвінаваціў ЗША ў «распальванні» антыўрадавых пратэстаў. Прадстаўнік Ірану ў ААН Галамалі Хашру заявіў, што ЗША «перайшлі ўсе межы» і раскрытыкаваў прэзідэнта ЗША Дональда Трампа за заявы ў падтрымку пратэстоўцаў.
Нагадаем, хваляванні ў Ірану, што пачыналіся як шэраг эканамічных пратэстаў у адной з іранскіх правінцыяў, перараслі ў антыўрадавыя выступленні па ўсёй краіне. У сутычках з мясцовымі сілавікамі загінула не менш за 21-ну асобу. Больш за 450 чалавек арыштаваныя, і некаторым з іх можа пагражаць смяротнае пакаранне.
ІІ, belsat.eu