Улады Гон-Конгу адклікалі законапраект аб экстрадыцыі, які справакаваў масавыя пратэсты


Кіраўніца адміністрацыі Гон-Конгу Кэры Лам адклікала законапраект аб экстрадыцыі, супраць якога ўжо некалькі месяцаў пратэстуюць мясцовыя жыхары. Пра гэта яна абвесціла ў тэлевізійным звароце, паведамляе Reuters.

Пратэсты суправаджаліся жорсткімі сутыкненнямі пратэстоўцаў з сілавікамі. Як адзначыла Кэры Лам, «працяглы гвалт наносіць шкоду асновам грамадства і вяршэнству закона».

«Урад афіцыйна адклікае законапраект, каб цалкам змякчыць грамадскія праблемы», – заявіла яна.

  • Пратэсты ў Гон-Конгу распачаліся ў чэрвені. На акцыі супраць паправак у закон аб экстрадыцыі ў Кітай выйшлі сотні тысячаў чалавек, для разгону дэманстрантаў сілавікі выкарыстоўвалі гумовыя кулі, дубінкі і пярцовы газ. 15 чэрвеня ўлады Гон-Конгу адклалі на нявызначаны тэрмін прыняцце паправак у закон аб экстрадыцыі, аднак у жніўні пратэсты аднавіліся, бо дэманстранты патрабавалі цалкам адмовіцца ад прыняцця гэтага закону. Пратэстоўцы таксама дамагаюцца адстаўкі кіраўніцы адміністрацыі Гон-Конгу Кэры Лам і незалежнага расследавання празмернага ўжывання сілы супраць удзельнікаў вулічных дэманстрацыяў. Жнівеньскія пратэсты суправаджаюцца жорсткімі сутычкамі з сілавікамі, паліцыя зноў ужывала спецсродкі.
  • Закон аб экстрадыцыі прадугледжваў магчымасць экстрадаваць жыхароў гораду нават у тыя краіны, з якімі ў Гон-Конгу няма пра гэта дагавора, у тым ліку ў мацерыковую частку Кітая. Сярод экстрадаваных маглі апынуцца ўцекачы з мацерыка, якія крытыкуюць кітайскія ўлады і якія хаваюцца ад пераследу ў Гон-Конгу. Крытыкі папраўкі адзначалі, што ў кітайскай судовай сістэме права людзей, якіх экстрадуюць, апынуцца неабароненымі, а сам Гон-Конг страціць сур’ёзную долю аўтаноміі.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў