Улады Егіпту: з-пад абломкаў расейскага самалёта А-321 чуваць галасы


З-пад абломкаў расейскага самалёта, які разбіўся на Сінайскім паўвостраве ў Егіпце, чуваць галасы пасажыраў, паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на прадстаўнікоў егіпецкіх уладаў, якія прыехалі на месца катастрофы.

Расейскі пасажырскі самалёт, які рухаўся з егіпецкага Шарм-эш-Шэйху ў Санкт-Пецярбург, пацярпеў крушэнне над Сінайскай паўвыспай.

Аэробус А-321 належыць сібірскай кампаніі «Кагалымавиа». На яго борце знаходзіліся 224 чалавекі – 217 пасажыраў і сем чальцоў экіпажу. Па некаторых звестках, 17 з іх – дзеці, падае Бі-Бі-Сі.

Па дадзеных Reuters, самалёт пры аварыі разбіўся на дзве часткі. У адной з іх каманда ратавальнікаў пачула галасы магчымых ацалелых.

«Ёсць яшчэ адна частка самалёта з пасажырамі ўнутры, у якую ратавальнікі да гэтага часу спрабуюць дабрацца. Мы спадзяемся, што там ёсць ацалелыя, асабліва пасля таго, як (ратавальнікі – рэд.) пачулі галасы людзей з сярэдзіны», – цытуе Reuters прадстаўніка егіпецкіх уладаў.

У той жа час на месцы ўжо знойдзены целы больш за 100 загінулых, з іх не менш за пяць дзяцей, паведамляе агенцтва.

«Самалёт раскалоўся напалам: малая частка хваста самалёта загарэлася, і большая частка ўрэзалася ў скалу. Мы вынялі менш за 100 цел. Астатнія ўнутры», – цытуе Reuters прадстаўніка егіпецкіх праваахоўных органаў.

Паводле паведамленняў, усе пасажыры лайнера – расейскія турысты.

Медыі паведамляюць, што кіраўнік егіпецкага ўраду ўзяў пад асабісты кантроль расследаванне аварыі і адмяніў усе запланаваныя на суботу мерапрыемствы. Прэм’ер-міністр краіны Шэрыф Ісмаіл таксама склікаў тэрміновае пасяджэнне ўраду.

Між тым сваякі пасажыраў самалёта збіраюцца ў Пецярбургская аэрапорце Пулкава. На месцы стварылі аператыўны штаб, таксама працуе гарачая лінія.

Следчы камітэт РФ ужо пачаў крымінальную справу па факце катастрофы А-321. Расейскія следчыя тэрмінова вылецелі ў Егіпет.

Раней медыі паведамілі, што самалёт знік з радараў неўзабаве пасля вылету з Шарм-эш-Шэйху. Лайнер перад вылетам скардзіўся на праблемы з рухавіком. Агенцтва Reuters паведаміла са спасылкай на крыніцы ў егіпецкіх спецслужбах, што ніякіх указанняў на тое, што авіялайнер маглі збіць, няма.

МЯ, паводле bbc.com

Стужка навінаў