Улады дэпартуюць жыхара Беларусі, бо той удзельнічаў у пратэстах


Уладзіслаў Клаўкін пражыў больш за палову жыцця ў Беларусі. Але цяпер яго высылаюць у Расею – праз тое, што ён удзельнічаў у мітынгах. Аднак там у хлопца няма ані сяброў, ані родных. Высылаюць на 10 гадоў без права вяртання і наведвання краіны.

Уладзь Клаўкін (пасярэдзіне) разам з сябрамі.
Фота: архіў героя

«Я не адчуваю сябе рускім»

Уладзь Клаўкін нарадзіўся ў паўночным расейскім нафтавым горадзе Лангепасе. Туды акурат перад распадам Савецкага Саюзу пераехалі ягоныя бацькі – беларусы паводле нацыянальнасці. А потым прынялі расейскае грамадзянства.

У Лангепасе яны пражылі амаль 20 гадоў. Але здароўе хлопца не спрыяла таму, каб жыць у такім суворым клімаце ды ў Сібіры ў сям’і Клаўкіных не было аніякіх сваякоў. Таму ў 2007 годзе яны вярнуліся ў Берасце – родны горад ягоных бацькоў.

Усе гэтыя 13 гадоў хлопец жыў на падставе віду на жыхарства, а сёлета ён увогуле збіраўся прымаць беларускае грамадзянства.

Уладзь асабіста лічыць сябе больш беларусам. Хоць і сям’я не была вельмі пра-беларускай, але хлопец прызнаецца, што яму пашанцавала з асяроддзем.

«Мае свядомыя гады прайшлі ў Беларусі, я тут вырас, атрымліваў адукацыю. Пра Расею ў мяне вельмі частковыя ўспаміны. Няма падстаў, каб лічыць сябе сапраўдным рускім».

У 11 класе ён актыўна наведваў берасцейскую культурную прастору «Грунтоўня». Тады і пачала фармавацца ягоная цікаўнасць да беларушчыны.

Уладзь Клаўкін.
Фота: архіў героя

Высылка з Беларусі

Уладзя высылаюць на 10 гадоў без права вяртання і наведвання краіны. Асноўная прычына высылкі – адміністратыўныя правапарушэнні. Два з якіх – за хуліганства і ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве (6 жніўня хлопца разам з сябрамі затрымалі ва ўласным доме, быў вобшук), два – за знаходжанне ў Менску не па адрасы рэгістрацыі ў Берасці і адное – за безбілетны праезд. Але ў паведамленні пра высылку фігуруюць толькі першыя два выпадкі.

Уладзь быў сярод тых актывістаў «Моладзевага блоку», якіх затрымалі 6 жніўня ва ўласным доме. Потым быў суд за хуліганства і ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах, 10 дзён арышту. Высылаюць Уладзя з Беларусі, каб захаваць грамадскі парадак.

Hавiны
Міліцыянты затрымліваюць актывістаў «Моладзевага блока»
2020.08.06 17:45

«Мне патэлефанавалі раніцаю і сказалі з’явіцца ў міграцыйны аддзел на размову. Ужо на месцы адзін з начальнікаў запытаўся пра акцыю з труною».

Справа ў тым, што 8 траўня актывісты «Моладзевага блоку» танчылі з труною на фоне рэпетыцыі параду. Уладзь не браў у перформансе ўдзел, але гэта не зашкодзіла амапаўцам яго затрымаць на наступны дзень, калі ён выходзіў у краму.

Hавiны
На рэпетыцыю параду актывісты прынеслі труну
2020.05.08 23:24

У міграцыйным аддзеле ў дачыненні да Уладзя прынялі адразу два рашэнні. Першае – пра высылку хлопца з Беларусі. Другое – пра тое, што працэдура высылкі спыненая.

А ўжо на наступны дзень было выніковае паседжанне. Улад характарызуе яго як «ідыёцкае».

«Мне не давалі сказаць і слова, усё паседжанне было агульным наездамі. Ледзь не «чаму прыехаў?», «што ты тут забыў?»

Вынясенне рашэнне было таксама вельмі кінематаграфічным. Начальнік аддзелу міграцыі ўзяў пячатку і тэатральна вымавіў:

«Гэта табе за труну. Няхай твае сябры будуць ведаць, што ім будзе». Далей ён занёс руку і з трэскам ударыў пячаткаю па майму прысуду. Гэта вельмі забаўна, бо ўсе людзі, якія мелі дачыненне да гэтай акцыі, ужо адбылі сваё пакаранне. Як я зразумеў, гэтае рашэнне было актам запалохвання маіх знаёмых-актывістаў».

Пастанова аб высылцы. Фота: архіў героя
Пастанова аб высылцы. Фота: архіў героя

Хоча вярнуцца ў Беларусь

Уладзь кажа, што яго шакавала рашэнне аб высылцы.

«У Расеі ў мяне няма аніякай магчымасці замацавацца. Там няма ані сваякоў, ані знаёмых».

Зараз ён разам з праваабаронцамі збіраецца цягнуць час і шукае магчымасці абскардзіць рашэнне. Паралельна разглядае магчымасці паехаць па гуманітарных візах у Польшчу і Літву. Але сваё жыццё ўсё адно звязвае з Беларуссю.

Уладзь Клаўкін.
Фота: архіў героя

«У мяне ёсць моцнае перакананне, што калі мяне і вышлюць, то мая высылка не працягнецца больш за год. Гэта можа быць і эскапізмам, але мне здаецца што праз год рэчы так зменяцца, што ў мяне будзе магчымасць вярнуцца. А калі не з’явіцца, то гэта будзе жудасна. За гэтыя дзесяць год мае сацыяльныя сувязі разарвуцца».

Паводле закону, дэпартаваныя грамадзяне могуць пакінуць краіну толькі самалётам. Але зараз авіязлучэнне паміж Беларуссю і Расеяй зачыненае. А Уладзь сядзіць нават без пашпарту і чакае, калі яго перастануць выганяць з радзімы. Пашпар забралі ў АГіМ, вернуць, калі Уладзь будзе з квітком на самалёт.

Як замежнікаў выганяюць з Беларусі?

«Высылка Уладзя Клаўкіна – адзін з прыкладаў выправаджэння замежніка па палітычных матывах за меркаваны ўдзел у мірных пратэстах. Юрыдычныя падставы адсутнічаюць, пазіцыя органа – «у інтарэсах грамадскага парадку» – не падмацавана якімі-небудзь аргументамі. Не ўлічваецца тое, што ён доўгі час жыў у Беларусі, тут жыве ягоная сям’я, сувязь з краінай грамадзянства адсутнічае, усё жыццё людзей сканцэнтраванае менавіта ў Беларусі», – кажа кіраўніца грамадскай прыёмнай для замежнікаў і асобаў без грамадзянства арганізацыі Human Constanta Алена Чаховіч.

Алена Чаховіч.
Фота: архіў гераіні

У Беларусі існуюць тры працэдуры выправаджэння замежнікаў:

  • дэпартацыя ў межах адміністрацыйнага працэсу;
  • высылка;
  • выдача.

Зараз у дачыненні да замежнікаў шырока ўжываецца працэдура высылкі. Падставы для высылкі прапісаныя ў законе, але яны вельмі няпэўныя. У прыватнасці, цяпер замежнікаў часта высылаюць «у інтарэсах грамадскай бяспекі».

Існуюць і схаваныя формы выправаджэння замежнікаў: напрыклад, ануляванне дазволу на пражыванне, што фактычна азначае абавязак выехаць з Беларусі.

У выпадку прыняцця рашэння аб высылцы, у замежніка ёсць пяць працоўных дзён, каб падаць скаргу ў вышэйшы орган. Затым у суд. На кожным з этапаў абскарджання можна прыкладваць дакументы, якія пацвярджаюць моцную сувязь замежніка з Беларуссю: маёмасць, сям’я, бізнес.

Ксенія Тарасевіч, belsat.eu

Стужка навінаў