Улады дазволілі акцыю да гадавіны Слуцкага збройнага чыну


Слуцкі райвыканкам даў дазвол на шэсце і мітынг 24 лістапада ў цэнтры гораду.

Пра гэта паведаміў адзін з заяўнікаў акцыі, актывіст партыі БНФ Віталь Амяльковіч.

Згодна з дазволам, удзельнікі шэсця збяруцца каля гарадскога стадыёну, адкуль пройдуць да парку культуры і адпачынку, дзе пройдзе 45-хвілінны мітынг.

«Паводле чутак, у гэты ж дзень, у Слуцку выступіць Лявон Вольскі», – дадаў Амяльковіч.

У лістападзе і снежні 1920-га на Случчыне беларускія вайсковыя аддзелы, сфармаваныя пераважна з сялянаў і ачоленыя інтэлігенцыяй і шляхтай, цягам месяца баранілі незалежнасць перад савецкімі войскамі. Супраціў атрымаў назву Слуцкага збройнага чыну. Што ў выніку яго атрымалі беларусы – глядзіце ў дакументальным фільме «Белсату» «Слуцкі збройны чын».

Летась у гадавіну паўстання ў акцыі ў Слуцку ўзялі ўдзел каля ста чалавек. Таксама акцыя памяці прайшла на Гарадзеншчыне.

ДД

Глядзі таксама
Каментары