Улады дазволілі «Чарнобыльскі шлях». Але заяўнікі не хочуць плаціць міліцыі


Аргкамітэт «Чарнобыльскага шляху» паведамляе, што Менгарвыканкам задаволіў заяўку на правядзенне масавага мерапрыемства 26 красавіка. Збор удзельнікаў мусіць распачацца а 18-й на пляцоўкі каля Акадэміі Навук, пасля чаго адбудзецца шэсце да Чарнобыльскай капліцы.

Між тым, заяўнікі не могуць дамовіцца з уладамі наконт аховы правапарадку падчас акцыі. Аргкамітэт у заяўцы прапануе забяспечыць правапарадак уласнымі сіламі, а Менгарвыканкам настойвае, каб арганізатары абавязкова аплацілі паслугі міліцыі па ахове акцыі.

«Аргкамітэт ЧШ лічыць непрымальным спагнанне грошай за працу міліцыі, якая фінансуецца з дзяржбюджэту, паколькі па факце гэта падвойная аплата дзеянняў, у якіх не толькі няма неабходнасці, але часцяком у Беларусі – пагроза для ўдзельнікаў мерапрыемстваў», – адзначаецца ў заяве аргкамітэту «Чарнобыльскага шляху-2019».

Заяўнікі плануюць не пазней за 24 красавіка сустрэцца з прадстаўнікамі ГУУС Менгарвыканкаму, каб яшчэ раз патлумачыць сваю пазіцыю.

«Мы кваліфікуем гэта патрабаванне ўладаў як палітычны і эканамічны ціск на грамадзянаў, асабліва ў святле нядаўняй практыкі выстаўлення вялікіх, непад’ёмных для ўдзельнікаў сумаў… Мы лічым, што ўлады не павінны абʼяўляць мерапрыемства несанкцыянаваным на падставе нашай адмовы плаціць за міліцыю», – адзначаюць арганізатары.

Нагадаем, у аргкамітэт «Чарнобыльскага шляху» ўваходзяць апазіцыйныя палітычныя партыі і экалагічныя арганізацыі – усяго 8 структураў. Заяўку ў Менгарвыканкам непасрэдна падавалі Вольга Кавалькова, Зміцер Каспяровіч і Генадзь Драздоў.

Апроч згадвання непасрэдна самой трагедыі на Чарнобыльскай АЭС, арганізатары плануюць узняць пытанне будаўніцтва АЭС у Астраўцы і чакаюць, што людзі выкажуцца адносна апошніх падзеяў у Курапатах.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў