Улады крадуць грошы з рахункаў атрымальнікаў дапамогі ад BY_help


Кіраўнік фонду дапамогі рэпрэсаваным Аляксей Лявончык у сваім Facebook напісаў, што паводле патрабаванняў уладаў рахункі людзей, якія атрымліваюць дапамогу ад фонду by_help, масава блакуюцца.

Паводле Аляксея Лявончыка, ужо вядома пра сотні выпадкаў блакавання рахункаў атрымальнікаў дапамогі. Ён рэкамендуе здымаць грошы з дэпазітаў як мага хутчэй.

У каментары «Белсату» Аляксей Лявончык распавёў, як дзяржава заганяе людзей у мінус:

«Мы пачалі атрымліваць інфармацыю, што заблакавалі пэўную суму альбо рахунак. Спачатку было некалькі чалавек, а пасля пачалася навала. Людзі пачалі пісаць валанцёрам, што ў іх блакуюць рахунак альбо спісалі суму, якую мы даслалі. У горшым выпадку бывала, што ў людзей спісвалі больш. Умоўна кажучы, калі чалавек атрымаў ад нас 500 рублёў, выдаткаваў, а на рахунку ў яго нуль, то пасля блакавання ў яго будзе мінус 500. Фактычна дзяржава заганяе людзей у мінус».

Цяпер валанцёры раяцца, як развязаць сітуацыю. Аляксей Лявончык падкрэслівае, што «Байхэлп» працягне працу. Ініцыятыва збіраецца адаптаваць механізм выплат кампенсацый, і хутчэй за ўсё цяпер будзе рабіць гэта ананімна. Актывіст адзначыў, што «Байхэлп» працягне працу і выплату па заяўках у штатным рэжыме.

«Мы не будзем спыняць выплаты па заяўкам. Мы будзем выкарыстоўваць той спосаб аплаты, які дзяржаве не так лёгка будзе адсачыць».

Кампанія BY_help збірае ахвяраванні для арыштаваных, аштрафаваных, параненых і збітых сілавікамі пасля выбараў 9 жніўня. За ўвесь час існавання фонду па дапамогу звярнуліся больш за 2300 чалавек. Выплацілі каля 1,5 млн еўраў.

belsat.eu

Стужка навінаў