Улады Берасця паабяцалі дапамагчы жыхарам дамоў, у якіх лопнуў фундамент. Ці не падмануць?


Пасля звароту да незалежных СМІ і спробы пратэсту кіраўніцтва гораду звярнула ўвагу не жыхароў вуліцы Паплаўскага.

Старшыня гарвыканкаму Аляксандр Рагачук паабяцаў вырашыць праблему людзей, у якіх праз пабудову мосту пачалі развальвацца дамы.

Нагадаем, што падчас будаўніцтва Заходняга абыходу ў людзей патрэскаліся дамы. Пра гэта «Белсат» распавядаў 15 лютага. Людзі сабралі подпісы і хацелі сустрэцца з мясцовымі ўладамі, але тыя ад сустрэчы ўхіліліся і на ўсе звароты адказвалі адпіскамі. Таму ў Берасцейскі гарвыканкам падалі заяўку на правядзенне 24 сакавіка пікету ў цэнтры гораду супраць абыякавасці чыноўнікаў, які ў выніку забаранілі. Але людзей усе ж 28 сакавіка запрасілі ў гарвыканкам.

– На сустрэчы нас здзівілі паводзіны кіраўніка гораду Аляксандра Рагачука, – кажа адна з жыхарак вуліцы Паплаўскага Віола. – Ён прызнаў, што праблемы існуюць і для пачатку прапанаваў правесці экспертызу разбурэнняў.

Пры гэтым жыхарам паабяцалі, што экспертыза пройдзе не за іх грошы. А пасля экспертызы людзей зноў запрашаюць у гарвыканкам, больш за тое гарвыканкам выйдзе з хадайніцтвам у суд пра вызваленне людзей ад аплаты дзяржпошліны, калі справа дойдзе да суду.

– Калі парушэнні пацвердзяць, будзе вырашацца пытанне пра кампенсацыю шкоды. Але відавочна хтосьці прымусіў улады нас пачуць, – кажа Віола.

«Белсат» будзе сачыць за развіццём гэтай гісторыі.

АС

Стужка навінаў