Улады Берасця не хочуць называць могілкі ў гонар уладальніка акумулятарнага заводу


Паўночныя могілкі ў Берасці. Фота – «Виртуальный Брест»

Берасцейскі гарвыканкам адмовіўся даць Паўночным могілкам Берасця імя Віктара Лемяшэўскага.

Незалежны журналіст Алесь Ляўчук звярнуўся ў Берасцейскі гарвыканкам з прапановай прысвоіць Паўночным могілкам імя бізнесоўца, які будуе акумулятарны завод.

«Віктар Мацвеевіч Лемяшэўскі, дырэктар ТАА «ПАК-Упраўленне», уваходзіць у топ-200 самых паспяховых беларускіх бізнесоўцаў. Ён пабудаваў акумулятарныя заводы ў Пінску і Белаазёрску, цяпер будуе падобны завод у свабоднай эканамічнай зоне «Берасце». Лічу, што падобныя заслугі трэба зафіксаваць для гісторыі і прашу прысвоіць імя Віктара Лемяшэўскага Паўночным могілкам Берасця, паколькі пасля ўвядзення ў строй акумулятарнага заводу напаўняльнасць могілак можа рэзка павялічыцца», – напісаў Алесь Ляўчук у звароце.

Але за подпісам кіраўніка справамі гарвыканкаму Юрыя Багуцкага атрымаў адпіску, у якой была сказана, што ў падобнай прапанове няма неабходнасці.

«Я ўжо тры месяцы асвятляю пратэст берасцейцаў супраць гэтага заводу, і тысячы жыхароў гораду супраць яго будаўніцтва. Улады ігнаруюць законныя патрабаванні гараджанаў, які не жадаюць бачыць побач са сваім горадам гэты завод. І ігнаруюць любыя звароты берасцейцаў па гэтым пытанні, так адбылося і ў маем выпадку», – кажа Алесь Ляўчук.

Журналіст збіраецца звярнуцца з прапановай у Берасцейскі аблвыканкам.

Цягам апошніх некалькіх месяцаў берасцейцы змагаюцца супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу. Многія лічаць, што завод можа быць небяспечным для навакольнага асяроддзя і людзей.

Пад зваротам супраць ягонай пабудовы, падпісаліся 38 тысячаў людзей. Гэтыя галасы былі адпраўленыя ў адміністрацыю кіраўніка дзяржавы. Памочнік Аляксандра Лукашэнкі заявіў, што ўлады створаць адмысловую камісію ў справе будоўлі.

У апошнім рэйтынгу 200 найбольш паспяховых прадпрымальнікаў Беларусі, які падрыхтаваў інтэрнэт-партал «Штодзённік», Віктар Лемяшэўскі падняўся на 57 месца (узначальвае спіс берасцеец Аляксандр Машэнскі).

НЗ

Глядзі таксама
Каментары