Улады Берасця дазволілі мітынг супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу


Акцыя пройдзе 29 красавіка ў Парку воінаў-інтэрнацыяналістаў з 12.00 да 14.30.

Заяўку на правядзенне мітынгу ў гарвыканкам падалі чатыры жыхаркі Берасця і Берасцейскага раёну ды атрымалі станоўчы адказ.

– Я рада, што нам усё ж дазволілі правесці мітынг, хоць гэта не на той час, на які мы падавалі заяўку. Чамусьці ў гэты ж дзень заяўку на правядзенне акцыі падало Берасцейскае абласное аб’яднанне прафсаюзаў. Таму нам давялося скараціць нашу акцыю, але ўсё роўна кожны, хто прыйдзе, зможа выказацца на праблемную тэму акумулятарнага заводу – заявіла «Белсату» адна з арганізатарак мітынгу Кацярына Чорная.

Раней берасцейскі гарвыканкам адказаў адмоваю на заяўку адносна правядзення мітынгу ў цэнтры гораду. Для новай заяўкі арганізатары абралі адно з двух адведзеных на гэтыя мэты месцы гораду – Парк воінаў-інтэрнацыяналістаў. Ён знаходзіцца на ўскрайку гораду, фактычна ў лесе.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу, які будуе кампанія «iPower» у ваколіцах Берасця, цягнуцца 4 месяцы. Мясцовыя жыхары мяркуюць, што будучы завод можа нанесці шкоду навакольнаму асяроддзю.

АС, belsat.eu

Стужка навінаў