Улады Беларусі працягнулі бязвізавы рэжым да 30 дзён


Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, паводле якога тэрмін бязвізавага знаходжання замежнікаў у Беларусі павялічаны да 30 содняў пры ўмове ўезду і выезду праз аэрапорт Менск.

Таксама быў абноўлены пералік дзяржаў, грамадзяне якіх маюць права скарыстацца «бязвізам»: з яго выключаны краіны, з якімі Беларусь раней заключыла двухбаковыя пагадненні аб узаемнай адмене віз. Для бязвізавага ўезду ў Беларусь замежнікам неабходна пры сабе мець сапраўдны пашпарт або ідэнтычны яму дакумент, грошы (з разліку 50 базавых велічыняў або 1125 рублёў на 30 дзён), страхавы поліс на суму не менш за 10 тысяч еўра.

Для грамадзян В’етнама, Гаіці, Гамбіі, Індыі, Лівана, Намібіі і Самоа абавязковым дадатковым патрабаваннем зʼяўляецца наяўнасць у пашпарце сапраўднай шматразовай шэнгенскай візы з адзнакай аб ўездзе на тэрыторыю краін ЕЗ, а таксама авіябілетаў з пацвярджэннем у іх вылету з Нацыянальнага аэрапорту Менск на працягу 30 дзён з даты ўезду.

Разам з тым «бязвіз» не распаўсюджваецца на асоб, якія прыбываюць у Беларусь авіярэйсамі з Расеі, а таксама якія плануюць вылецець у Расею, паколькі на такіх рэйсах няма памежнага кантролю. Пад новы «бязвіз» не падпадаюць і замежнікі, якія едуць у Беларусь для працаўладкавання, вядзення камерцыйнай дзейнасці і навучання, працягласць якога перавышае 30 содняў.

З моманту ўвядзення пяцідзённага бязвізавага рэжыму для грамадзянаў 80-ці краінаў у лютым мінулага году Беларусь наведала больш за 100 тысячаў турыстаў.

Гэта істотная для цяперашніх рэаліяў лічба, бо агулам летась у нашай краіне гасцілі амаль 300 тысячаў чалавек. А выручка дзяржавы ад аказання турыстычных паслуг склала каля $ 82 млн долараў.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары