Страх перад 26 кастрычніка. Эксперты распавялі, навошта Лукашэнка склікаў вялікую нараду


Нарада 21 кастрычніка.
Фота: president.gov.by

Да заканчэння тэрміну ўльтыматуму, які Святлана Ціханоўская выставіла дзейным уладам, застаюцца лічаныя дні. А гэта прымушае чыноўнікаў шукаць новыя адказы на пратэсты.

Аляксандр Лукашэнка 21 кастрычніка правёў нараду ў вялікім коле чыноўнікаў. На яе запрасіў чальцоў ураду, Нацыянальнага сходу, Вярхоўнага суда, адміністрацыі кіраўніка краіны, вобласцяў і Менску, сілавых ведамстваў, Міністэрства аховы здароўя. Абмяркоўваюцца пытанні эканомікі і фінансаў, палітычнай сферы, грамадскай бяспекі, піша прэс-служба.

«Мы яшчэ сустрэнемся, магчыма, у лістападзе, пасля лістападаўскіх святаў, і ўжо больш дэталёва разгледзім перспектыву будучага года. А ў снежні, я мяркую, мы вернемся да пытанняў падрыхтоўкі Усебеларускага народнага сходу, дзе вызначым задачы развіцця нашай краіны на пяцігодку. І там разгледзім ужо глабальныя пытанні развіцця нашай дзяржавы», – сказаў Лукашэнка.

Нарада – шырма

Між тым палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі ў каментары «Белсату» заявіў, што, нягледзячы на заўяленыя тэмы, галоўнай на нарадзе была падрыхтоўка да 25 кастрычніка.

Hавiны
Святлана Ціханоўская дала Лукашэнку час да 25-га кастрычніка
2020.10.13 15:38

Нагадаем, што 25 кастрычніка – гэта дзень, калі сканчаецца ўльтыматум Святланы Ціханоўскай. Яна патрабуе адстаўкі Лукашэнкі, вызвалення палітвязняў і спынення гвалту з боку сілавікоў. Калі ўльтыматум не будзе выкананы, палітык заклікае беларусаў 26 кастрычніка да ўсенароднага страйку.

«Галоўнае – адказ на ўльтыматум Ціханоўскай. А ўсё, што нам агучылі, – гэта астатняе», – заявіў суразмоўца.

Ён адзначыў, што палітычная сітуацыя ў краіне абмяркоўвалася і напярэдадні. Тады Лукашэнка папярэдзіў удзельнікаў пратэставых акцыяў і паабяцаў у нядзелю навесці парадак.

Таксама, на думку Рамана Якаўлеўскага, на нарадзе магло абмяркоўвацца правядзенне сумеснай калегіі МЗС Беларусі ды Расеі, якая запланаваная на першую дэкаду лістапада.

«Кіраўніцтва і Лукашэнка асабіста хвалююцца. І ніхто не можа адказаць, што будзе пасля 25 кастрычніка. Ці будзе агульнабеларускі страйк, ці не будзе? Ніхто не ведае, але ж кіраўніцтва хвалюецца», – мяркуе Раман Якаўлеўскі.

Ён таксама падкрэсліў, што будучыню Беларусі вырашыць не Усебеларускі сход «пад дахам Лукашэнкі», як гэтага б хацелі ўлады, а вуліца. Пакуль жа, лічыць палітычны аглядальнік, «аніякіх прыкметаў гатовасці да дыялогу ў Лукашэнкі не праглядаецца». Менавіта такі яго адказ на ўльтыматум Ціханоўскай, падкрэсліў суразмоўца.

Лукашэнка рыхтуе мега-мітынг

Між тым, як паведамляе «Наша Ніва», улады хочуць пайсці ва-банк і сабраць у Менску 25 кастрычніка мега-мітынг. Паводле НН, да раёнаў даведзены план адносна колькасці ўдзельнікаў, а кіраўнікі на месцах выкручваюцца, каб яго выканаць. Выданне адзначае, што ехаць ніхто асабліва не рвецца, таму на некаторых прадпрыемствах за паездку прапануюць грошы, адгулы або пагражаюць звальненнямі. «Еўрарадыё» адзначае, што некаторыя патэнцыйныя ўдзельнікі акцыі таксама баяцца правакацыяў, пра якія казалі ўлады.

Hавiны
Святлана Ціханоўская абвясціла сілавікам дэдлайн
2020.10.20 11:07

Заявы Лукашэнкі пра пратэсты і арганізацыя ўласнай буйной акцыі нагадваюць дзеянні першых тыдняў пасля выбараў. Тады, 16 жніўня, таксама прайшла акцыя ў падтрыманне Лукашэнкі, а сам ён даваў лічаныя дні, каб спыніць пратэсты. Але мінула два месяцы, і сітуацыя паўтараецца зноў.

У каментары belsat.eu палітолаг і экс-дэпутат парламенту Вольга Абрамава адзначыла, што ані чарговыя заявы, ані акцыя не дапамогуць дзейным уладам у барацьбе з пратэстамі, бо «людзі ставяцца сёння да ўдзелу ў пратэстах у большай меры як да працы, якую яны павінны выканаць і дамагчыся выніку».

«З боку ўладаў гэта спробы знайсці тэхналогію поспеху: спалучэння запужвання з мабілізацыяй сваіх прыхільнікаў. Але тут ёсць супярэчнасць у спробе зрабіць свой альтэрнатыўны марш тады ж, калі прызначаны час Ч з боку пратэстоўцаў супраць існага стану рэчаў. Гэта фактычна выключае варыянт задушэння альтэрнатыўнага пратэсту, калі ў гэты ж дзень ладзіцца праўладная падзея. Занадта страшная будзе карцінка. На кантрасце той, хто ініцыюе падобную тэхналогію, страціць значную колькасць сваіх прыхільнікаў, якія вагаюцца, не кажучы ўжо пра вонкавы інфармацыйны эфект. То бок эфект негатыўны ў выпадку спалучэння з аднаго боку мабілізацыя прыхільнікаў, а з другога – задушэнне і запужванне. Эфект будзе жудасны для ўладаў», – сказала Вольга Абрамава.

Таксама яна не выключае, што ўлады могуць дапусціць сутыкненні сваіх прыхільнікаў з пратэстоўцамі, якія традыцыйна ў гэты ж час ладзяць свае штонядзельныя маршы.

«Гэта не выключана і пра гэта трэба папярэджваць публічна. Прынамсі тых, хто збіраецца пратэставаць мірна: не паддавацца на правакацыі і прадумаць, як ізаляваць тых, хто будзе вызначацца неадэкватнымі паводзінамі», – мяркуе палітолаг.

На яе думку, на правакацыі патрэбная імгненная рэакцыя з боку пратэстоўцаў.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў