Улады бачаць сюжэт на «Белсаце» – і пачынаюць вырашаць праблему


[vc_row][vc_column][vc_column_text]Часцей за ўсё ўлады перастаюць ігнараваць праблемы асяроддзя і інфраструктуры пасля таго, як бачаць на «Белсаце» сюжэт пра гэта. Нашыя гледачы і чытачы дзякуюць нашым журналістам за працу. На гэтым тыдні каналу спаўняецца 9 гадоў, і вашыя словы – лепш за любыя віншаванні.

Людміла Цімафеева, маці дзіцяці з інваліднасцю, паўтара года змагалася з уладамі Светлагорску за права нармальна выйсці з гэтым дзіцём на шпацыр. Кватэра на дзявятым паверсе, ліфт на восьмым, і ад ліфта на вуліцу дадатковыя пралёты лесвіцы. Ад чыноўнікаў толькі адпіскі. Але пасля ўмяшальніцтва «Белсату» тут нарэшце з’явіліся пандусы, і савецкі пад’езд перастаў быць вязніцаю для Людмілы ды ейнага дзіцяці.

«Дзякуем вам, журналістам, што дапамаглі нам. Мы дагрукаліся да чыноўнікаў, да якіх не маглі дагрукацца лістамі», – кажа Людміла.

За пандусы на лесвіцах і каля пад’ездаў шмат хто са светлагорцаў з інваліднасцю змагаўся па 5-6 гадоў. Але звароты ў выканкамы далі плён, калі гісторыі вазочнікаў пабачылі гледачы «Белсату». Бо тэлеканал глядзяць і чыноўнікі ўсіх узроўняў, кажа Юрый Ляшэнка, кіраўнік грамадскай арганізацыі інвалідаў-вазочнікаў, якая змагаецца за права гараджанаў гуляць па Светлагорску без перашкодаў, як сапраўдныя еўрапейцы.

«Белсат рэгулярна асвятляў праблемы адсутнасці безбарʼернага асяроддзя ў Светлагорску – пандусаў, бардзюраў, »нулявых« ходнікаў, пераходаў і іншых пытанняў. Дзякуючы гэтаму мы стваралі некалькі »круглых сталоў«. І пры дапамозе »Белсату« быў здзейснены пэўны ціск», – кажа Юрый Ляшэнка.

Увага незалежных медыяў прыдалася, і абавязанні, якія ўзяў на сябе райвыканкам падчас сустрэчы з вазочнікамі, на сёння выкананыя на чвэрць.

«Калі звяртаешся ў наш мясцовы «Ранак» ці іншую тэлекампанію, іншыя СМІ, то яны не ўсе пытанні могуць падымаць», – дзеліцца з намі Ляшэнка.

За права самастойна выйсці з дому змагаюцца і берасцейскія актывісты.

«Няма насамрэч ніводнай паліклінікі, дзе чалавек можа насамрэч самастойна туды трапіць. Ніводнай», – кажа жыхарка Берасця Анжэла Міранюк.

«Белсат» дапамагае і тут. Нашыя журналісты дапамагаюць актывістам пашырыць інфармацыю ды прымусіць чыноўнікаў не ігнараваць праблемаў грамадзянаў.

«Я ведаю шмат гісторыяў, дзе «Белсат» сапраўды дапамог. Сапраўды, звярнулі ўвагу, калі гэта выносіцца ў свет, і праблемы вырашаюцца», – кажа Міранюк.

Нават на ўзроўні натхнення. Максім Хлябец – рэдактар старонкі «Natatnik» – пастанавіў на сабе спраўдзіць, ці можа чалавек з інваліднасцю самастойна выйсці з берасцейскага пад’езду, напрыклад, у краму. Эксперымент стаўся небяспечны для здаровага маладзёна.

«Я пачаў гэта рабіць, бо паглядзеў матэрыял на Белсаце і пабачыў, што людзі на вазках змагаюцца за свае правы, але мала хто ім дапамагае», – кажа Хлябец.

Звярнуцца па дапамогу ў сацыяльнай праблеме можна праз нашую старонку (пімпачка «Дашлі нам навіну» на самым доле) або «Фэйсбук» – мы правяраем яго кожныя 5 секундаў.

Яраслаў Сцешык

Стужка навінаў