Улады абяцаюць змагацца з «атрадамі самаабароны» і сабатажам на прадпрыемствах


Генеральная пракуратура і шэраг дзяржорганаў Беларусі зоймуцца выяўленнем «незаконных фармаванняў грамадзянаў», піша «Интерфакс-Запад».

Намеснік генеральнага пракурора Аляксей Стук заявіў, што пракурорам даручана «пастаянна аналізаваць стан грамадскага парадку ў населеных пунктах, дысцыпліны ў працоўных калектывах, выяўляць прычыны і ўмовы, якія могуць спрыяць парушэнняў».

«Усе кампетэнтныя органы закліканы своечасова выяўляць незаконныя фармаванні, аб’яднання грамадзянаў (атрады дружын, самаабароны, самакіравання), даваць гэтаму прававую ацэнку і пры парушэнні закона неадкладна спыняць іх дзейнасць», – сказаў Стук.

Ён таксама паведаміў, што ў выпадку «незабеспячэння правапарадку пракуроры будуць прымяняць да кіраўнікоў дзяржаўных органаў і іншых арганізацыяў меры рэагавання».

Акрамя таго Генпракуратура актывізуе працу з тымі, хто «сабатуе працу прадпрыемстваў», заявіў Стук.

«Пры выяўленні фактаў негатыўнага ўздзеяння, мэта якога – прыпынак вытворчага працэсу, пракуроры аператыўна адрэагуюць і паставяць пытанне аб прыцягненні да адказнасці тых, хто сабатуе працу прадпрыемстваў», – паабяцаў Стук.

Нагадаем, напачатку гэтага тыдня ў сацсетках з’явіліся заклікі ствараць атрады самаабароны, каб супрацьстаяць неабмежаванаму гвалту з боку сілавікоў.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў