Уладальніцу бара «Перасмешнік» арыштавалі на 15 содняў


Уладальніца бара «Перасмешнік» Вольга Мазур затрыманая. Пра гэта паведамілі belsat.eu яе калегі. Бар быў адной з тых прыватных установаў, што не працавалі 26 кастрычніка – у дзень агульнанацыянальнага страйку, абвешчанага Святланай Ціханоўскай.

Вольгу Мазур сёння выклікалі ў Цэнтральны РУУС на размову ў 14:00. Там яе і затрымалі.

«На дадзеным момант усё, што мы ведаем – гэта тое, што яна атрымала 15 содняў арышту», – распавялі belsat.eu у бары.

На падставе якога адміністратыўнага пратаколу яе затрымалі – невядома.

«Перасмешнік» быў адной з прыватных установаў, якая не працавала 26 кастрычніка – у дзень агульнанацыянальнай страйка. Пасля гэтага бар, як і многія іншыя крамы і кавярні, якія падтрымалі страйк, зазналі ціск з боку ўладаў. У «Перасмешнік» прыйшла праверка санітарна-эпідэміялагічная службы і часова закрыла ўстанову нібыта праз парушэнні, звязаныя з умовамі працы падчас пандэміі каронавіруса.

Учора, 2 лістапада, пасля ліквідацыі парушэнняў, бар зноў адчыніў свае дзверы. Як паведамілі ў «Перасмешніку», пакуль затрыманне Вольгі Мазур не паўплывала на працу ўстановы.

«Спадзяемся, што працоўны працэс прынамсі пакуль не будзе спынены. Мы, канешне, за Вольгу вельмі трымаем кулачкі», – кажуць у бары.

Нагадаем, паводле праваабаронцаў, ад пачатку выбарчай кампаніі 2020 года па палітычных матывах у Беларусі былі затрыманыя больш за 16 тысяч чалавек.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў