Уладальнікі рэстарацыі ў Курапатах гатовыя на кампраміс. БНФ заклікае абаронцаў вызначыць дату круглага стала


Адныя з абаронцаў Курапатаў пад сценамі рэстарацыі «Поедем поедим». 2 чэрвеня 2018 года. Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

Перамовы могуць прайсці ўжо на наступным тыдні.

23 чэрвеня ў Менску на пасяджэнні партыя БНФ абмеркавала сітуацыю з размяшчэннем забаўляльнай установы «Поедем поедим» у Курапатах побач з месцам масавых расстрэлаў у сталінскія часы.

Па выніках паседжання БНФ запатрабаваў ад беларускіх уладаў недатыкальнасці ахоўнае зоны ды заклікаў арганізацыі, якія бяруць удзел у грамадскай варце ў Курапатах, вызначыцца з часам, месцам і фарматаў перамоваў з інвестарамі забаўляльнага комплексу.

Аб круглым стале стала вядома 22 чэрвеня, калі ўладальнік рэстарана ў Курапатах Леанід Зайдэс сустрэўся з лідарам Партыі БНФ Рыгорам Кастусёвым і амерыканскім адвакатам Юрасём Зянковічам у пятніцу 22 чэрвеня.

22 чэрвеня 2018 года. Рыгор Кастусёў і Юрась Зянковіч ідуць на перамовы з уладальнікам рэстарацыі «Поедем поедем». Фота – старонка партыі БНФ

На сустрэчы Зайдэс прапанаваў тры шляхі вырашэння цяперашняй сітуацыі вакол Курапат:

  • уладальнік гатовы прадаць комплекс цалкам па балансавым кошце прадстаўніку грамадства, які выкарыстае забудову ў іншых мэтах;
  • уладальнік гатовы ўкласці сто тысяч долараў у мемарыял Курапаты і змяніць фармат сваёй установы – з забаўляльнага на сямейны;
  • уладальнік гатовы прадставіць адзін з будынкаў комплексу для стварэння ў ім музея «Курапаты», перадаць грамадскай і палітычнай арганізацыі на баланс гэтае памяшканне.

Адгарадзіць яго ад комплексу, забяспечваць камуналку, перафарматаваць комплекс з забаўляльнага ў сямейны.

Паводле афіцыйнае старонкі партыі БНФ, бакі дамовіліся, што за круглым сталом будуць сядзець усе, «хто мае прапановы».

Рэдактар сайту 1863x.com Эдуард Пальчыс сумняецца ў легітымнасці гэтае дамоўленасці. Блогер сцвярджае, што абаронцы Курапатаў не ведалі пра сустрэчу Зайдэса з Юрасём Зянковічам.

«Нейкі персанаж з ЗША Юрась Зянковіч раптам прыляцеў, пайшоў да ўладальнікаў «Бульбаш-Холу», нікога не папярэдзіў, ні з кім не параіўся, і выйшаў адтуль «з прапановамі» аб перамовах. Зараз гэта шмальцуецца як «сур’ёзнае дасягненне». Затым гэты персанаж адразу ж стаў раздаваць інтэрвʼю і гаварыць пра тое, што ўладальнікі лапочка, малайцы, права на іх баку. А заадно стаў тыражаваць ідэю «круглага стала» на тэрыторыі Бульбаш-Хола», – напісаў блогер.

Паводле Эдуарда Пальчыса, паралельна з гэтым уладальнікі рэстарацыі распачалі адбельваць у медыях сваю рэпутацыю.

«Маўляў, яны лапачкі і ўсё рабілі па закону. Заадно, упэўненыя ў сваёй рацыі, яны сталі чамусьці прапаноўваць грошы абаронцам Курапатаў за згортванне пратэстаў», – дадаў Пальчыс.

З пачатку чэрвеня каля рэстарацыі ў Курапатах праходзяць акцыі пратэсту пад лозунгам «Не кабак, а музей».

Курапаты – лес на паўночным усходзе Менску, месца масавых расстрэлаў у сталінскія часы. Паводле даследчыкаў, там загінула ад 30 да 250 тысяч чалавек.

ДД

Стужка навінаў