Уладальнікі аграсядзібаў распавялі, ці стала ў іх больш гасцей з бязвізам


Традыцыйнае вяселле ў беларускай вёсцы

Ці адчуў аграэкатурызм павелічэнне колькасці турыстаў?

Андрэй Крук, уладальнік сядзібы «Вясёлая хата» кажа, што ніякай розніцы ў параўнанні з тым, як было да ўвядзення 5-дзённага бязвізавага рэжыму для замежнікаў, ён не заўважыў:

«Магчыма, таму, што пяці дзён гасцям з-за мяжы можа хапіць толькі на наведванне знакавых месцаў, размешчаных недалёка ад сталіцы: Міра, Нясвіжа, Дудутак. Наша сядзіба быццам бы таксама размешчаная не так далёка ад сталіцы, але бязвізавыя турысты нас не наведвалі. На мой погляд, большасць замежнікаў, якія ляцяць у Беларусь – гэта не турысты, а тыя людзі (асабліва гэта тычацца немцаў і ізраільцянаў), якія скарысталіся бязвізам, каб наведаць сваякоў. Мэтанакіравана, з турыстычнымі мэтамі, у Беларусь прыязджае, на мой погляд, не больш за 5% гасцей».

Андрэй Крук мяркуе, што трэба павялічваць колькасць бязвізавых дзён, а таксама «прапагандаваць і рэкламаваць краіну паўсюль, дзе толькі можна».

Анатоль Ганец, якому належыць сядзіба «Ганька», распавядае, што радаваўся, як і ўсе прадстаўнікі турыстычнай сферы, навіне, што замежнікі будуць прыязджаць у Беларусь. Але праз чатыры месяцы дзеяння новых правілаў наведвання Беларусі спадар Анатоль адзначае, што не пабачыў ніякіх зменаў.

Яўген Красноўскі мае ў Ваўкавыскім раёне сядзібу «Альхова». Прадпрымальнік шкадуе, што ягонае месца адпачынку не трапляе ў бязвізавую зону Горадні і Гарадзенскага раёну і адказвае на пытанне, ці даязджаюць да яго турысты, якія трапілі ў Беларусь праз аэрапорт:

«Такіх турыстаў пакуль не было. Апошнім часам нас наведалі замежнікі: расейцы, грамадзяне Швецыі, Кітаю, Польшчы ды Украіны, так што і без адмены візаў цікавасць да адпачынку ў аграсядзібах ёсць».

Замежнікі цікавяцца аграсядзібамі, але «тэарэтычна»

Кіраўніца грамадскага абʼяяднання «Адпачынак у вёсцы» Валерыя Кліцунова прызнае, што ў сувязі з увядзеннем бязвізавага рэжыму замежнікі маюць цікавасць да аграсядзібаў, але «чыста тэарэтычную».

«Усё ўпіраецца ў пяцідзённыя рамкі знаходжання турыстаў. А гэта значыць, што трэба выключыць дзень прыезду і дзень адʼезду. Застаецца ўсяго тры дні. Таму наведванне аграсядзібаў – гэта пытанне будучыні. Будзем спадзявацца, што колькасць дзён знаходжання замежнікаў павялічыцца, і тады аграсядзібы з задавальненнем іх прымуць», – мяркуе Валерыя Кліцунова.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu, паводле Tio.by

Стужка навінаў