«Улада застаецца савецкай» – старшыня Моладзі БНФ пра адмову Генпракуратуры рэабілітаваць Ларысу Геніюш


Сёння актывісты Моладзі БНФ атрымалі адказ ад Генпракуратуры на свае пісьмовае патрабаванне рэабілітаваць беларускую паэтку і грамадскую дзяячку Ларысу Геніюш. Генпракуратура ў гэтым адмовіла.

У лісце за подпісам пракурора аддзелу Клябанава напісана, што «Геніюш Л.А прызнана не падлеглай рэабілітацыі».

Ідэя дамагацца рэабілітацыі Геніюш прыйшла да актывістаў летась, і яны распачалі кампанію #Геніюш2016, у рамках якой сабралі больш за 1200 подпісаў, наведалі радзіму паэткі ў Зэльве, запатрабавалі паставіць ёй помнік і ўключыць творы ў школьную праграму.

«Тое, што Генпракуратура нам адмовіла сведчыць пра сутнасць сённяшняй улады. Яна застаецца савецкай, нягледзячы на марныя спробы мяккай беларусізацыі, якой, насамрэч, проста прыкрываецца. Адмовілі і год таму, і цяпер», – лічыць старшыня Моладзі БНФ Юрась Лукашэвіч.

Паводле Лукашэвіча, рэабілітацыя Геніюш – толькі частка вялікай кампаніі, запланаванай актывістамі.

«Наступным крокам будзе патрабаванне адкрыць архіўныя справы ўсіх, хто патрапіў пад рэпрэсіі ў савецкія часы. Шмат беларускіх дзеячаў культуры былі рэпрэсаваныя, расстраляныя. Канешне, адкрыццё архіваў мусіць быць сурёзным палітычным рашэннем. Але на гэтым этапе можна было б рэабілітаваць Геніюш…», – мяркуе Лукашэвіч.

13 траўня ў сядзібе БНФ у Менску адбудзецца кінапрагляд фільму «Няскораная», прысвечанага выбітной паэтцы. У фільме будуць паказаныя рэдкія фотаздымкі, пагучаць унікальныя аўдыязапісы.

Стужка навінаў