Нягледзячы на забарону Менскім гарвыканкамам Маршу прадпрымальнікаў, што мусіў адбыцца 14 сакавіка, лідар «Перспектывы» Анатоль Шумчанка і палітык Мікола Статкевіч аптымізму не губляюць. Ды запрашаюць гандляроў на 13 гадзіну гэтага ж дня да будынку Міністэрства падаткаў і збораў, каб выказаць калектыўную нязгоду з нормамі ўказу № 222.
«Не апошнюю ролю адыграла месца знаходжання гэтага міністэрства – у непасрэднай блізасці да Дому ўрада, яно прымыкае да яго. Таму гэта, такім чынам, будзе яшчэ і папярэджаннем уладам», – зазначае палітык Мікола Статкевіч.
Лідар «Перспектывы» Анатоль Шумчанка падкрэслівае, што месца будучай акцыі абралі яшчэ з той прычыны, што менавіта Міністэрства падаткаў і збораў – адзінае, якое не пайшло ні на водную саступку ў развязанні прадпрымальніцкага крызісу падчас перамоваў паміж бізнесоўцамі і чыноўнікамі ў межах працоўнай групы.
«Было прапанавана тры варыянты прапановаў з боку прадпрымальнікаў дзеля таго, каб развязаць сітуацыю, у якой сёння ІП апынуліся. І ўсе тры варыянты былі адхіленыя», – распавядае Анатоль Шумчанка.
Тым часам некаторыя гандляры, якія пасля двух месяцаў пратэстаў часткова выйшлі на працу, сумняюцца ў мэтазгоднасці гэткіх акцыяў.
«Падтрымаю, калі будзе санкцыянаваны мітынг. На несанкцыянаваную акцыю я не пайду, бо гэта супрацьзаконна», – дзеліцца гандляр. «Так, мы падтрымлівалі, былі і на форумах і на плошчы. Але, як бачыце, гэта нічога не вырашае. У нас адзін чалавек вырашае», – кажа дробны бізнесовец.
«Працягваць тое, што было. І яшчэ трэба падключаць простых людзей – і рабацяг, і астатніх. Бо нашыя ўлады не вартыя ні на што», – упэўнены менскі прадпрымальнік.
«Ды колькі можна звяртацца? У гэтай краіне, па-мойму, ужо нічога змяніць немагчыма», – падсумоўвае яшчэ адзін гандляр.
У сваёй адмове зладзіць марш улады, сярод іншага, спасылаліся на тое, што яшчэ да атрымання дазволу арганізатары неаднаразова абʼяўлялі месца і час правядзення акцыі ды не пазначылі крыніцы яе фінансавання, парушаючы гэтым закон. Да таго ж на гэты ж час і ў гэтым жа месцы Абʼяднаная грамадзянскай партыя планавала правесці яшчэ адную акцыю, што супярэчыць заканадаўству. У выніку арганізатары Маршу прадпрымальнікаў абвінавацілі лідара партыі Анатоля Лябедзьку ў зрыве акцыі, нягледзячы на тое, што заяўку ў хуткім часе АГП адклікала.
«У нейкай ступені, на жаль, адмова законная, але акцыя абʼяўленая, людзі ведаюць, яны рыхтаваліся, яны хочуць выказаць свой пратэст. І, я думаю, што арганізатары мусяць даць ім такую магчымасць», – даводзіць Мікола Статкевіч.
У якасці доказаў таго, што арганізатары акцыі не адступяць ды будуць далей бараніць правы гандляроў, Статкевіч і Шумчанка падпісалі супольную заяву з патрабаваннем ад уладаў адмяніць указ № 222. Сам дакумент палітык і лідар «Перспектывы» плануюць перадаць у Міністэрства падаткаў і збораў падчас будучай акцыі. Але адрасаваць дакумент чыноўнікам, на думку Міколы Статкевіча, не абавязкова, бо самая прысутнасць людзей каля міністэрства ўжо будзе сведчыць пра гэткае патрабаванне.
Віталь Бабін, «Белсат»