Украінскія студэнты падзякавалі Еўропе цукеркамі


Еўропа вітае крок Украіны ў ратыфікацыі Дамовы аб асацыяцыі з Еўразвязам, нягледзячы на складаны час. Аднак і ўкраінцы не застаюцца ў баку ды шчыра дзякуюць еўрапейцам за падтрыманне. Студэнты з Украіны сабраліся ў цэнтры Вільні і падзякавалі ўсім літоўцам, дружна гукнуўшы “Ačiū!”.

Сем кілаграмаў цукерак прывезлі з сабою з Радзімы ўкраінскія студэнты. Раздаючы іх мінакам, маладзёны дзякуюць за паслядоўнае падтрыманне іхняе краіны на міжнароднай арэне.

Алена Калугіна, студэнтка Ўніверсітэту Імя Т. Шаўчэнкі: «Літва ў пэўным сэнсе – адвакат для Украіны. Гэта вельмі цешыць. І для мяне вялікі гонар быць цяпер тут».

Цяпер у Літве праходзяць лекаванне 14 вайскоўцаў, раненых у зоне АТА. Напярэдадні з Вільні для ўкраінскага войска перадалі 6 тонаў гуманітарнай дапамогі, якую сабралі звычайныя людзі. Акрамя таго, кіраўніцтва Літвы паслядоўна выступае за ўзмацненне санкцыяў супраць Расеі.

Багдан Якімюк, кіраўнік праекту «Еўрашкола»: «Літва ідзе ва ўрон нацыянальным інтарэсам эканамічнага характару, на блакаду Расеі, дзеля таго, каб падтрымаць Украіну, і санкцыі былі б больш жорсткімі».

Падзякаваў Еўропе і прэзідэнт Пятро Парашэнка пасля гістарычнага для Украіны кроку – ратыфікацыі Дамовы аб асацыяцыі з Еўразвязам. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэтае дасягненне далося ўкраінцам праз вялікія страты.

Пятро Парашэнка, прэзідэнт Украіны: «Ніводная нацыя не плаціла такой высокай цаны за права быць еўрапейцамі. Хто наважыцца зачыніць дзверы ў Еўропу перад намі? Хто будзе супраць надаання Украіне перспектывы сяброўства ў Еўразвязе, да якой мы цяпер робім першы крок?»

 Пазбавіць Украіну еўрапейскай перспектывы не здолее ніхто, перакананы амбасадар Украіны ў Літве Валерый Жаўтэнка. Дыпламат мае спадзеў, што да еўрапейскае сям’і неўзабаве далучыцца і Беларусь.

 Валерый Жаўтэнка, амбасадар Украіны ў Літве: «Я вельмі хачу, каб мы ўсе разам былі ў сучаснай Еўропе, у цывілізаваным свеце. Каб цывілізаваны свет, які Украіна цяпер абараняе на сваёй тэрыторыі ад нецывілізаванага, ад варварскай Арды. Каб гэты свет перамог і даў нашым народам добрую, прыемную, справядлівую і дэмакратычную будучыню».

 Сёння ж Еўрапарламент асудзіў Расею за “гібрыдную вайну” з Украінаю. Аднак канкрэтных рашэнняў у вайсковай дапамозе ўсцяж няма.

 Канфлікт ва Украіне застаецца ўкраінскаю справаю. Міжнародная ж супольнасць аказвае гуманітарную дапамогу і сімвалічную – пры дапамозе разнастайных акцыяў. Аднак Украіна ўдзячная нават за такія невялікія знакі ўвагі.

 Настасся Яўмен, belsat.eu

Стужка навінаў