Украінскія паліцэйскія завяршылі расследаванне забойства Паўла Шарамета


Нацыянальная паліцыя Украіны завяршыла расследаванне ў дачыненні да траіх падазраваных у забойстве журналіста Паўла Шарамета, паведамляе pravda.com.ua.

Следчыя завяршылі дасудовае расследаванне ў справе аб забойстве Паўла Шарамета. Падазраванымі ў справе праходзяць: музыка і добраахвотнік Андрэй Антоненка (выканаўца), лекар і валанцёр Юлія Кузьменка (выканаўца) і медсястра Яна Дугар (памагатая).

Хто гэтыя людзі?

Андрэй Антоненка

Украінскія паліцыянты мяркуюць, што ён суправаджаў жанчыну, якая здзейсніла закладку бомбы пад аўто Паўла Шарамета.

У 2003 годзе Антоненка заснаваў гурт «Riffmaster». Ваяваў на Данбасе – сяржант Сілаў спецаперацый. Ягоную песню «Тихо прийшов, тихо пішов» называюць неафіцыйным гімнам Сілаў спецыяльных аперацый Украіны. На фронце быў паранены ў нагу і доўга лячыўся. Узнагароджаны ордэнам «За мужнасць» III ступені.

Юлія Кузьменка

Урач-хірург, кандыдат медыцынскіх навук. Цяпер піша доктарскую дысертацыю. Працуе ў Цэнтры дзіцячай кардыёграфіі і кардыяхірургіі. Доўгі час была валанцёрам на фронце.

Паводле следства, яна заклала выбухоўку пад аўтамабіль.

Яна Дугар

Удзельніца АТА з Днепрапятроўскай вобласці. Вучылася на медыцынскім факультэце ў Палтаве. У 2015 годзе пайшла служыць у войска. На фронце была медсястрой парашутна-дэсантнага батальёну.

Следства сцвярджае, што напярэдадні забойствы Паўла Шарамета яна фатаграфавала відэакамеры каля дома, дзе жыў журналіст.

21 траўня pravda.com.ua стала вядома, што арганізатарамі забойства Шарамета сталі «невядомыя асобы», а выданне Слідство.інфо паведаміла, што завяршыць расследаванне паліцыю «папрасілі зверху».

Хто такі Павел Шарамет?

Кветкі і бутэлька піва на месцы забойства Паўла Шарамета.
Фота: Siryk Anatolii / Zuma Press / Forum

Раніцай 20 ліпеня 2016 года ў цэнтры Кіева ў выніку выбуху аўтамабіля загінуў вядомы журналіст Павел Шарамет. Аўтамабіль належаў сузаснавальніцы выдання «Украинская правда» Алене Прытуле. Яе ў аўто не было.

Шарамет нарадзіўся ў Менску. Працаваў вядучым на Беларускім тэлебачанні. Затым рэдактарам «Белорусской деловой газеты». У 1997 годзе пасля паказу ў эфіры тэлеканала ОРТ рэпартажа аб фактычнай адсутнасці мяжы паміж Беларуссю і Літвой Шарамет быў арыштаваны беларускімі сілавікамі па абвінавачванні ў незаконным перасячэнні дзяржаўнай мяжы. За гэта яго прыгаварылі да двух гадоў пазбаўлення волі ўмоўна і да аднаго году выпрабавальнага тэрміну. Шарамет правёў у зняволенні тры месяцы і быў дэпартаваны толькі пасля таго, як прэзідэнт Расеі Барыс Ельцын не пусціў самалёт кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі на тэрыторыю Расеі і публічна запатрабаваў вызвалення журналіста. Апошнія пяць гадоў свайго жыцця працаваў у Кіеве, супрацоўнічаў з «Украинской правдой» і «Радио Вести».

  • 10 мая 2017 быў абнародаваны фільм-расследаванне аб забойстве Паўла Шарамета, аўтары — рэдакцыя расследаванняў «Слидство.Инфо» і прадстаўнікі міжнароднай сеткі журналістаў-следчыя OCCRP. У фільме гаворыцца пра тое, што былы супрацоўнік СБУ Ігар Усціменка быў заўважаны на відэа камер назірання ў ноч перад забойствам Шарамета.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў