Украінскі тэлеканал з Данбасу запісаў віншаванне для «Белсату»


Журналісты з Украіны запісалі жартаўлівы выпуск навінаў, прысвечаны 9-годдзю «Белсату». У відэароліку нашыя калегі з тэлеканалу «До ТеБе» віншуюць белсатаўцаў і гледачоў з днём народзінаў тэлеканалу.

Ад лютага 2015 году калектыў Данецкага абласнога тэлебачання працуе ў Краматорску – вяшчанне і праца ўкраінскіх журналістаў у Данецку сталася немагчымаю праз прарасейскіх сепаратыстаў. У межах абмену прафесійным досведам калегі з тэлеканалу «До ТеБе» прыязджалі на «Белсат» у Варшаву.

«Нашыя каналы – вельмі падобныя, у нас шмат агульнага. Вось, глядзіце: мы не можам знаходзіцца і працаваць у сябе ўдома ў Данецку, вы не можаце знаходзіцца і працаваць у сябе ўдома ў Менску. Мы вымушаныя працаваць і прамаўляць з іншых месцаў да сваёй грамады. Але я ўпэўнены, што тая праца, якую вы робіце цягам апошніх 9 гадоў ёсць карыснаю для вашых суграмадзянаў, для беларусаў», – сказаў Ілля Суздалеў, намеснік дырэктара тэлеканалу «До ТеБе»

«Белсат», першы незалежны тэлеканал у Беларусі, пачаў трансляцыю 10 снежня 2007 г., у Сусветны дзень правоў чалавека. Праект рыхтаваўся Польскім тэлебачаннем пад кіраўніцтвам Агнешкі Рамашэўскай-Гузы з чэрвеня 2006 г. Канал быў створаны як структурная адзінка Польскага тэлебачання. У Варшаве запісваецца частка праграмаў і адбываецца вяшчанне, тым часам у Беларусі працуюць дзясяткі журналістаў і здымачынх групаў, якія ствараюць кантэнт нашага тэлеканалу.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў