Украінскі крыптавалютны бізнес можа пераехаць у Беларусь


Украінская асацыяцыя венчурнага капіталу і прамых інвестыцыяў (UVCA) прагназуе магчымасць выезду ўкраінскага крыптавалютнага бізнесу ў Беларусь.

Пра гэта паведаміў у «Інтэрфакс-Украіна» старшыня назіральнага савета UVCA Андрэй Каладзюк.

Ён падкрэсліў, што раней «дзяржава праз свае сілавыя структуры актыўна ціснула на IТ-кампаніі», аднак гэты этап украінскі IТ-бізнес здолеў перажыць.

«Мы бачым, што ўсе дасягненні могуць быць перакрэсленыя працай сілавых структур. Калі ціск не спыніцца, то ўвесь бізнес пераедзе, напрыклад, у Беларусь, дзе на дзяржаўным узроўні ствараюцца ўсе ўмовы для паспяховай працы», – сказаў Каладзюк.

Варта адзначыць, што ўкраінскі крыптавалютны бізнес мае свае адметнасці.

Гэтак, 1 лютага галоўны ваенны пракурор Украіны Анатоль Маціас заявіў, што на кіеўскім прадпрыемстве «Квазар» здабывалі крыптавалюту і пералічвалі сродкі для фінансавання так званых ДНР і ЛНР. Сілавікі канфіскавалі на «Квазары» 400 фермаў для майнінга. Праўда, прадпрыемства паспяшалася адхрысціцца ад датычнасці да фінансавання баевікоў.

***

Нагадаем, 22 снежня Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт «Аб развіцці лічбавай эканомікі», які ў ІТ-колах яшчэ да падпісання называлі «рэвалюцыйным». Паводле дэкрэта ў Беларусі легалізаваныя крыптавалюты, дазволены майнінг, спрошчаная сістэма падааткаабкладання для ІТ-бізнесу.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў