Украінскі фатограф: Эфект ад такіх праектаў, як серыял «Чарнобыль», хутка праходзіць


Украінскі фотажурналіст Артур Бондар пачаў здымаць у зоне адчужэння яшчэ да таго, як экскурсіі ў выселеныя вёскі сталі «экзатычным турызмам». У 2015 годзе яго кніга «Цені зоркі Палын» («Shadows of Warmwood») тыражом у 300 асобнікаў разышлася па свеце і амаль адразу ж трапіла ў пераможцы некалькіх прэстыжных фатаграфічных прэміяў. Belsat.eu пагаварыў з фатографам аб новым прачытанні зоны адчужэння, серыяле «Чарнобыль» і будаўніцтве БелАЭС.

Фота з кнігі Артура Бондара «Цені зоркі Палын»

«Над урокам Чарнобыля трэба рэфлексаваць»

– Артур, ты адзіны фатограф-украінец, які зрабіў кнігу пра Чарнобыль. Чаму гэтая тэма цікавіць замежных аўтараў, але не запатрабаваная сярод тых, каго непасрэдна закранае?

– Факт, што першая публікацыя пра кнігу, якая выйшла ва ўкраінскіх друкаваных СМІ, здарылася толькі ў 2019 годзе, праз чатыры гады пасля выхаду кнігі, кажа пра тое, што мы ўсё яшчэ не гатовыя зразумець і пераасэнсаваць тыя падзеі. Тэма Чарнобыля дагэтуль баліць шмат каму, а наша дасведчанасць пра шкоду радыяцыі кардынальна не змянілася з часоў Савецкага Саюзу.

– Падзеі ў Чарнобылі доўгі час былі тэмай-табу. Гэта моцна адбілася на маім пакаленні. Хоць я і нарадзіўся ў 1983 годзе, але асабістых успамінаў пра трагедыю ў мяне няма. Ёсць флешбекі, нейкія апавяданні бацькоў аб мокрых анучах, якімі заляплялі вокны і выціралі вопратку ды абутак у пярэднім пакоі, страшылкі пра радыёактыўны дождж. Дарослыя неахвотна ўспаміналі пра выбух, яны намагаліся забыцца пра гэта і жыць далей. Менавіта гэта і замінае казаць пра Чарнобыль сёння, абмяркоўваць, што адчуваюць людзі ва Украіне, Беларусі, Расеі. Хоць часам мне здаецца, што некаторыя нічога і не адчуваюць – яны проста жывуць з гэтым апошнія 30 гадоў.

– А серыял «Чарнобыль» неяк паўплываў на ўспрыманне тых падзеяў?

– Вау-эфект ад такіх праектаў, як серыял «Чарнобыль», хутка праходзіць. Калі людзі насыцяцца сэлфі на фоне надпісу «Прыпяць» ці на фоне самой станцыі, усё вернецца на кругі свая, а выбух АЭС зробіцца чарговым элементам масавай поп-культуры. Над урокам Чарнобыля трэба рэфлексаваць, вучыць гэтаму аналізу новыя пакаленні. І адзінае, што мы можам зрабіць – не даваць забыцца пра катастрофу ўсімі даступнымі сродкамі. У маёй сітуацыі – гэта кніга.

Фота з кнігі Артура Бондара «Цені зоркі Палын»

– Якую ты здымаў з 2007 па 2015 год. Чаму так доўга? Некаторыя фатографы паспяваюць зняць праекты за некалькі дзён, максімум – тыдзень.

– У 2007 годзе мы з калегамі з агенцтваў паехалі на начны рэквіем у Прыпяці. Тады я адчуў гэта месца, гэтую зямлю. Я зразумеў, што мне хочацца тут шпацыраваць, здымаць і мець нейкую сувязь з зонай. На жаль, у замежнікаў няма магчымасці прачуць гэтае месца да канца. Амаль заўсёды яны прыязджаюць з гідамі або з вялікімі групамі турыстаў да «прыкормленых» самасёлаў, бачаць толькі тое, што ім паказваюць.

Я разумею, што складана прыехаць у зону іншымі шляхамі. Для замежнікаў гэта дорага і лагістычных складана. Таму любыя праекты пра Чарнобыль, хто б іх не зрабіў, – важны і пазітыўны момант з пункту гледжання інфармаванасці грамадства. Але ці зможа іншаземец зразумець культурны пласт і бэкграўнд гэтай гісторыі? Для гэтага трэба ўвесь час быць у гэтым грамадстве, жыць тут.

Фота з кнігі Артура Бондара «Цені зоркі Палын»

– Замежны погляд на Прыпяць мне не зразумелы, не да канца прыняты мной. Адчуваецца, што шмат для каго Прыпяць – гэта экзотыка, а зона – новы незвычайны атракцыён. Я зусім не цешуся, што пасля серыялу «Чарнобыль» паток турыстаў у зону павялічыўся ўтрая. Новы год з феерверкам на цэнтральнай плошчы Прыпяці – гэта дрэнна ў стасунку да гэтай зямлі.

«Усё залежыць ад ахоўніка. Калі нармальны – адпусціць»

– Пра што твая кніга «Цені зоркі Палын»? Чым яна адрозніваецца ад праекту паляка Мацея Набрдаліка?

– Гэта спроба зразумець гісторыю, пераасэнсаваць трагедыю, людзей, якія там жывуць. Паўтаруся, мы не моцна далёка сышлі ад Савецкага Саюзу менталітэтам. Калі прыязджаеш ва ўкраінскае сяло і пытаеш, што такое радыяцыя, у людзей, якім за 50, ніхто толкам не тлумачыць.

– Падчас здымкаў у цябе былі праблемы са ўездам у зону?

– Праект здымаўся 8 гадоў, ва Украіне змяніліся некалькі прэзідэнтаў. А новая мятла мяце па-новаму, як вядома. І калі пры адным прэзідэнце я дамовіўся аб легальным уездзе ў зону, то з яго адыходам мае кантакты страцілі карысць – ездзіў нелегальна. Потым улада зноў змянілася – усё нанова.

Некалькі разоў мяне затрымлівалі за незаконнае праніканне ў зону, давалі адміністрацыйны штраф. Але адміністрацыйка не робіць статыстыку, таму амаль заўсёды спрабуюць улітаваць вынас драўніны або металу з зоны, турызм. Гэта ўжо крымінальная адказнасць, за такое можна і сесці.

Па вялікім рахунку ўсё залежыць ад ахоўніка. Калі нармальны – адпусціць, маўляў, што з фатографа або мясцовага ўзяць? А калі неадэкватны… У зоне ж шмат нелегальнага бізнесу – і дрэвы, і паляванне, і метал. Эканамічная сітуацыя ў тым рэгіёне навучыла людзей выжываць. Падводных камянёў хапае, але той, хто захоча, заўсёды патрапіць у зону.

Фота з кнігі Артура Бондара «Цені зоркі Палын»

«Зону ператварылі ў тэатр: паклалі дарожкі, дома пафарбавалі»

– За час працы над кнігай ты адчуў, што зона неяк змяняецца? Або час там застыў?

– Самую вялікую трансфармацыю я заўважыў падчас адной з гадавін выбуху на ЧАЭС, калі Януковіч вырашыў прывезці Мядзведзева і Лукашэнку ў Прыпяць. Тады ўсё «вылізалі» і, як мне здаецца, зрабілі самае жудаснае пасля трагедыі: ператварылі зону ў тэатр. Праклалі новыя дарожкі ў горадзе, дамы пафарбавалі, зрабілі парк і музей аднаго дня ў цэнтры гораду!

Тую эмоцыю, якая мяне зацікавіла з самага пачатку, закаталі ў асфальт. Пасля гэтага горад і АЭС перасталі мяне цікавіць. А вось паселішчы, куды не трапляе цывілізацыя ў асобе нашых чыноўнікаў, гэта зусім іншае. Самасёлы наагул адныя з найбольш прыемных людзей, якіх я калі-небудзь сустракаў. Некаторыя, на жаль, ужо сышлі. Хтосьці з-за алкаголю, хтосьці – па стане здароўя.

– Твая кніга рэдка сустракаецца на паліцах беларусаў, украінцаў, рускіх. Чаму?

– Культура фотакнігі для нас новая – нашыя людзі цяжка счытваюць вобразы і гісторыі. Яны наагул доўга думаюць над набыццём якой-небудзь кнігі, а выданне пра Чарнобыль з адзіным тэкстам у выглядзе скана перадавіцы «Тайм»… Наш чалавек 300 разоў падумае, і, хутчэй за ўсё, купіць памідоры на базары замест фотакнігі.

Фота з кнігі Артура Бондара «Цені зоркі Палын»

– Але для мяне важна, што гэтая кніга здарылася. Я лічу, што не трэба ствараць вялізныя блокбастары, мегапраекты, каб гаварыць пра Чарнобыль. Дастаткова казаць пра гэта ў сваёй сям’і, у супольнасці. Тады і веды пра Чарнобыль не знікнуць.

– А што ты думаеш пра будаўніцтва новай АЭС у Беларусі?

– АЭС – гэта шлях у тупік. Я за меру ва ўсім і за экалагічныя рашэнні. Але ў чалавека няма меры. І гэта пацвярджаецца не толькі атамнай энергетыкай, але і радыкалізмам, стаўленнем да вайны. Мы, на жаль, не робім паўнавартасныя высновы з гісторыі і не мяняем сваё жыццё да лепшага.

Юлія Шаблоўская/МВ belsat.eu, фота і відэа – «Цені зоркі Палын», Артур Бондар

Стужка навінаў