Украінскі эксперт: З тэрыторыі Беларусі Расея можа ўдарыць па Львове і Луцку


Беларусі адведзеная пэўная роля ў выпадку шырокамаштабнай атакі Расеі на Украіну, мяркуюць украінскія эксперты. У Кіеве не вераць запэўніванням Аляксандра Лукашэнкі, што Менск не нясе пагрозы. Інтэрв’ю Алеся Сіліча з Міхайла Самусем, намеснікам дырэктара ўкраінскага Цэнтру даследаванняў войска, канверсіі і раззбраення.

Як вы ўспрымаеце Беларусь у кантэксце бяспекі? Ці можа Кіеў сёння канцэнтраваць сілы на ўсходзе і не клапаціцца пра мяжу з Беларуссю?

Мы ўспрымаем Беларусь перш за ўсё як саюзную дзяржаву Расейскай Федэрацыі, якая ў сваю чаргу ёсць краінаю-агрэсарам. Яна акупавала ды анексавала Крым, працягвае акупацыю Данбасу і цяпер вядзе агрэсіўныя дзеянні ў Азоўскім ды Чорных морах, у тым ліку з ужываннем адкрытых актаў агрэсіі супраць украінскіх вайскова-марскіх сілаў. Калі казаць з вайсковага пункту гледжання, то Беларусь успрымаецца як частка групоўкі Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі, і хоць прэзідэнт Беларусі ўвесь час паўтарае, што з тэрыторыі Беларусі не будзе пагрозы, з пункту гледжання вайсковага майстэрства, вайсковай стратэгіі, Беларусь хутчэй за ўсё будзе выкарыстаная.

Калі будзе адкрыты шырокамаштабны канфлікт, Расея выкарыстае тэрыторыю Беларусі, але не для наземнай аперацыі, бо для наземнай аперацыі Расея будзе выкарыстоўваць больш зручныя шляхі – гэта ўсё ж раўнінная частка, якая скіравана на Чарнігаў, Кіеў, Харкаў, Дняпро, данецкі кірунак і кірунак з Чорнага мора, дзе сканцэнтраваныя вялізныя ракетна-авіяцыйныя сілы. А тэрыторыя Беларусі будзе выкарыстоўвацца, як мне падаецца, з вайсковага пункту гледжання як тэрыторыя, дзе будуць размяшчацца ракетныя і авіяцыйныя часткі.

Калі мы мадэлюем такую сітуацыю, мы мяркуем, што Расея, зноў жа, не будзе праводзіць наземнай аперацыі, бо ўкраінскія войскі цяпер цалкам гатовыя да наземнай аперацыі, для Расеі гэта будзе вялікаю праблемай. А вось правесці радыёэлектронную фазу, пасля гэтага – масавыя ракетныя ўдары, авіяцыйныя ўдары для знішчэння пунктаў кіравання, сістэмы кіравання ва ўсходняй частцы Украіны… Прычым удары, у тым ліку, будуць наносіцца дэманстратыўныя, па гарадах-мільённіках, выклікаючы хаос і шматмільённыя плыні ўцекачоў. Калі ўявіць, што будуць наносіцца ўдары па Кіеве, Харкаве, Дняпры, Запарожжы, гэта вокамгненна створыць 15-20 мільёнаў уцекачоў. Гэта вялізная маса, якая будзе рухацца на заходнюю Украіну, і калі ў гэты момант яшчэ будуць наносіцца ўдары з тэрыторыі Беларусі, напрыклад, па Львове, Луцку і Роўне, то гэта можа стварыць сапраўды сітуацыю калапсу.

А як вы ставіцеся да пакупкі Менскам 12 знішчальнікаў Су-30 у Расеі?

Па-першае, ёсць стратэгія развіцця Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь. Сапраўды, авіяцыя ў Беларусі ўжо састарэлая, яе трэба мяняць, як, у прынцыпе, і ўва ўсіх еўрапейскіх краінах цяпер – і ва Украіне, і ў Нямеччыне, і ў Францыі трэба змяняць тую авіяцыю, якая засталася з часу халоднай вайны. Тут усё зразумела. Але з пункту гледжання таго, што я казаў перад гэтым, што насамрэч тэрыторыя Беларусі ў межах Саюзнай дзяржавы будзе выкарыстоўвацца перадусім пры нанясенні авіяцыйных і ракетных удараў… Я б не хацеў, каб гэтыя самалёты выкарыстоўваліся супраць Украіны. Калі казаць пра ваенны час і асаблівы перыяд, то, паводле нашай інфармацыі, кіраванне Узброенымі сіламі Беларусі будзе ажыццяўляцца Генеральным штабам Расейскай Федэрацыі, то бок будзе адзіная групоўка войскаў, а ў адзінай групоўцы войскаў заўсёды ёсць адзін камандзір, адзін камандуючы. Гэта вайсковая спецыфіка, не можа быць 20 цэнтраў упраўлення, якія будуць аддаваць два розныя загады.

Як цяпер выглядае сітуацыя з Паўлам Шаройкам, украінскім журналістам, якога асудзілі мінімум на 8 гадоў за шпіянаж на карысць Украіны? Раней былі размовы, што яго могуць абмяняць на Юрыя Палітыку, арыштаванага ва Украіне грамадзяніна Беларусі, якога падазраюць у шпіянажы на карысць Расеі.

Hавiны
Карэспандэнта «Украінскага радыё» Паўла Шаройку не памілавалі. Цяпер ён у бабруйскай калоніі
2019.01.22 20:01

Наколькі я ведаю, працэс Палітыкі не завершаны, ідзе судовы працэс і следства, то бок, згодна з логікаю, нельга абменьваць асуджанага на чалавека, які яшчэ застаецца ў судовым працэсе. Таму калі казаць пра абмен, то абмен павінен ажыццяўляцца пасля таго, як Палітыка будзе асуджаны ды будзе ў тым жа статусе, што і Шаройка.

А як вы бачыце перспектыву менскага трохбаковага перамоўнага працэсу ў справе Данбасу ў выпадку перамогі на выбарах канкурэнтаў Парашэнкі – Зяленскага ці Цімашэнкі?

Прагназаваць нешта на прэзідэнцкіх выбарах ва Украіне цяпер цяжка. Я лічу гэта дасягненнем дэмакратыі, бо мы сапраўды рэальна не можам спрагназаваць, хто будзе прэзідэнтам і якія будуць змены. Калі казаць з пункту гледжання рэчаіснасці, то большасць кандыдатаў, якія цяпер прэтэндуюць на гэтую пасаду, у прынцыпе будуць дзеяць прыкладна аднолькава.

Нават калі цяпер яны абяцаюць нейкія змены, насамрэч не ад Украіны залежыць прагрэс у гэтым працэсе, а ад Расеі. Усё залежыць ад добрай волі Расеі.

Калі Расея прызнае свой удзел у канфлікце, заявіць шчыра, што яны сапраўды акупавалі і анексавалі Крым, яны акупавалі частку Данбасу, бо яны мяркуюць, што гэта правільна… Гэта значыць, яны будуць паводзіць сябе, як цывілізаваны агрэсар, як прынята ў цывілізаваным свеце згодна з міжнароднымі канвенцыямі. Яны будуць несці адказнасць за гэтыя тэрыторыі, за Данбас, яны будуць плаціць за разбурэнні, яны будуць расплочвацца за тых уцекачоў і тых забітых, бо за гэта трэба адказваць. Цяпер Расея не хоча за гэта адказваць. Нават у менскіх дамоўленасцях няма ні слова пра Расею, але калі мы кажам пра ўрэгуляванне канфлікту паміж Расеяй ды Украінай, Украіна мяркуе, што Расея павінная прызнаць тое, што яна зрабіла, і заплаціць за гэта, бо за агрэсію трэба плаціць.

Што такое цывілізаваны агрэсар? І якая розніца паміж цывілізаваным ды нецывілізаваным агрэсарам?

Ужо больш за 100 гадоў існуе права вайны.

Ёсць правіла, як, напрыклад, трэба ставіцца да акупаваных тэрыторыяў. Усё гэта распісана ў міжнародных канвенцыях – у венскіх, жэнеўскіх.

Там напісана, што акупацыя – гэта эфектыўны кантроль войска замежнай дзяржавы над тэрыторыяй якой-небудзь іншай дзяржавы. Прычым цікава, што ўжо 100 гадоў таму вялося пра тое, што гэта могуць быць дзяржаўныя, а могуць быць і іншыя структуры, якія будуць ажыццяўляць эфектыўны кантроль або акупацыю. Далей выразна вызначаныя правы ваеннапалонных.Вось цяпер, напрыклад, чым адрозніваецца цывілізаваны акупант ад нецывілізаванага? Расея цяпер узяла ў палон 24 украінскіх маракоў. Расея іх называе чамусьці крымінальнымі злачынцамі. Гэта абсалютна супярэчыць тым канвенцыям, якія ўжо 100 гадоў існуюць.

Hавiны
Суд у Маскве падоўжыў арышт украінскім маракам
2019.01.15 15:04

Калі ты бярэш у палон вайсковых службоўцаў, афіцэраў ва ўніформе, якія выконвалі заданне на баявым караблі, то яны ваеннапалонныя і, калі ласка, стаўцеся да іх, як да ваеннапалонных. Ёсць дакладна прапісаныя правілы: яны павінныя хадзіць ва ўніформе, яны павінныя карыстацца сваймі правамі, прапісанымі ў канвенцыі, але не быць крымінальнымі злачынцамі, як іх называе Расея за «калектыўнае парушэнне дзяржаўнай мяжы». Гэта нават не смешна, але Расея дзеіць менавіта так. Яна не прызнае, што ёсць канфлікт, яна нават бярэ ваеннапалонных. І вось у гэтым праблема, калі мы кажам пра нейкія перамовы ды ўрэгуляванне любога канфлікту, які існуе з Расеяй.

Яшчэ нядаўна ў Кіеве гучалі галасы высокапастаўленых палітыкаў, напрыклад, віцэ-спікера Вярхоўнай Рады Украіны Ірыны Герашчанкі, пра неабходнасць перанесці месца працы перамоўнай групы ў справе канфлікту на ўсход Украіны. Ці актуальна гэта?

Так, існуюць такія думкі праз тое, што Беларусь – частка Саюзнай дзяржавы. Гэта найбліжэйшы саюзнік Расейскай Федэрацыі. Ніяк нельга назваць пляцоўку ў Менску нейтральнаю, проста гэтая пляцоўка бліжэй за ўсё месціцца і да Украіны, і да Расеі. І так склалася, што ёсць нейкія давераныя адносіны паміж Лукашэнкам і ўкраінскім кіраўніцтвам, гэта дазваляе ўсё ж праводзіць гэтыя перамовы. Гэта самае галоўнае. Калі перамовы праводзяцца, то значыць, заданне сваё пляцоўка выконвае. З іншага боку, калі будуць нейкія прыкметы, што Менск гуляе на баку Расеі і гэта супярэчыць інтарэсам Украіны, то Украіна проста можа адмовіцца ад гэтых перамоваў. Я думаю, Украіна мусіць дамагацца таго, каб яе інтарэсы ўлічваліся падчас гэтых перамоваў уласнымі сродкамі, а не казаць пра тое, што ў гэтым вінаваты, напрыклад, Менск, Астана ці Нью-Ёрк. Я думаю, што ўсё ж такі Украіна павінная прыкладаць усе намаганні, каб у любым месцы дасягаць сваіх мэтаў.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Сяргеем Пелясою

Таксама ў праграме:

Глядзіце штотыдзень у пятніцу а 21:25 міжнародны часопіс тэлеканалу «Белсат» «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою. Заходзьце на Facebook праграмы!

belsat.eu

Стужка навінаў