Украінская паліцыя спыніла пратэст «еўрабляхераў» на мяжы з Беларуссю


Праз пратэст еўрабляхераў пробкі ўтварыліся і на беларускай мяжы. Фота – Abw.by

Нацыянальная паліцыя Украіны пераканала ўладальнікаў аўтаў з еўрапейскай рэгістрацыяй разблакаваць праезд праз пункт пропуску «Новыя Ярылавічы», а пасля распачала крымінальную справу за блакаванне дарогі.

Праз акцыю ўкраінскіх аўтамабілістаў чарга з аўмашынаў, пераважна грузавых, з’явілася і на беларускім пункце пропуску «Новая Гута».

Сёння раніцай гомельскае ДАІ рэкамендавала кіроўцам выбіраць пры руху ў Украіну іншыя пункты пропуску.

«Пасля перамоваў паліцыі з удзельнікамі акцыі аўтамабілістаў рух транспарту праз часткова заблакаваны пункт пропуску «Новыя Ярылавічы» цалкам адноўлены», – паведаміў Сяргей Брыль, старшыня аддзелу камунікацыі галоўнага ўпраўлення нацыянальнай паліцыі Украіны ў Чарнігаўскай вобласці.

Паводле факту перакрыцця руху на трасе каля беларуска-ўкраінскай мяжы паліцыя Чарнігаўскай вобласці завяла крымінальную справу паводле часткі 1 артыкулу 279 Крымінальнага кодэкса Украіны («Блакаванне транспартных камунікацыяў праз учыненне перашкодаў»). Удзельнікам пратэсту пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

Пратэст, звязаны з новымі тарыфамі мытнага афармлення «еўраблях» – танных аўтамабіляў з Еўропы, якія ўкраінцы прыганялі ў краіну ў рэжыме часовага ўвозу – распачаўся ўва Украіне на мінулым тыдні.

19 лістапада «еўрабляхеры» распачалі акцыі каля межаў з Беларуссю і Польшчай.

ДД

Глядзі таксама
Каментары