Украінская лётчыца галадае ў палоне 36 дзён. Кармленне сілком лічыць катаваннем


Украінская лётчыца Надзея Саўчанка, якая знаходзіцца ў маскоўскім СІЗА і галадае ўжо 36 дзён, паведаміла, што парве зонд, калі яе будуць карміць прымусова. Такое абыходжанне з сабою Саўчанка будзе лічыць катаваннем. 

«Надзея заявіла, што будзе расцэньваць прымусовае кармленне як катаванне. Прычым, яна спецыяльна сказала мне, што парве зонд», – напісаў у «Тўітэры» адвакат лётчыцы Марк Фейгін.

Акрамя таго, адвакат адзначыў, што цяпер правяраецца інфармацыя медыяў пра тое, што яго падабаронную перавялі ў шпіталь «Матросская тишина», падае «Комсомольская правда в Украіне».

«Цяпер мы правяраем інфармацыю аб пераводзе Надзеі ў бальніцу »Матросская тишина«. Калі гэта так (чаму мы даведаемся пра гэта з медыяў?), то гэта вельмі дрэнна», – напісаў Фейгін.

Галадаючы 36 дзён, Надзея Саўчанка пабіла рэкорд Юліі Цімашэнкі. Экс-прэмерка Украіны галадала ў калоніі 18 дзён. Экс-міністр Міністэрства ўнутраных справаў Украіны Юрый Луцэнка, таксама галадаў менш – 32 дні.

14 студзеня прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка паведаміў, што ўкраінская вайскоўка Надзея Саўчанка знаходзіцца ў цяжкім стане. Пра гэта ішла размова ў ягонай тэлефоннай размовы з кіраўнікамі Францыі і Нямеччыне, паведамілі ў прэс-службе ўкраінскага прэзідэнта.

«Пётр Парашэнка звярнуў асаблівую ўвагу на цяжкі стан Надзеі Саўчанка, якая каля сямі месяцаў знаходзіцца ў зняволенні і галадае ўжо 33 дні, пратэстуючы супраць незаконнага ўтрымання. Прэзідэнт Украіны заклікаў міжнародную супольнасць прыкласці ўсе намаганні для яе вызвалення», – сказана ў паведамленні.

У пачатку ліпеня 2014 года лётчыца была схопленая прарасейскімі сепаратыстамі на Данбасе і апынулася на тэрыторыі Расеі, дзе яе абвінавацілі ў забойстве расейскіх журналістаў. Рашэннем Праваабарончага цэнтру «Мемарыял» Надзея Саўчанка афіцыйна прызнаная палітычным вязнем.

МЯ, belsat.eu, паводле kp.ua

Стужка навінаў