Украінская экспертка: «Парашэнка ад сённяшняга дня ўвайшоў у гісторыю»


15 снежня на саборы ў Кіеўскай Сафіі з прадстаўнікоў трох украінскіх праваслаўных цэркваў пры пасярэдніцтве Канстанцінопальскага патрыярхату была створаная памесная праваслаўная царква ва Украіне. Пра асаблівасці яе стварэння і будучыя перспектывы Belsat.eu паразмаўляў з украінскай эксперткай, сузаснавальніцай праекту Cerkvarium Таццянай Дзяркач.

«Украіну можна павіншаваць з тым, што ў нас пачынае канстытуязавацца першая ў яе гісторыі аўтакефальная памесная царква», – адзначыла Таццяна.

Сузаснавальніцай праекту Cerkvarium Таццяна Дзяркач. Фота – уласны архіў

Поспехам суразмоўца лічыць і тое, што за адзін дзень атрымалася прыняць і статут новай памеснай царквы ва Украіне, і абраць яе зверхніка – мітрапаліта Епіфанія.

Галасаванне было таемным. Фота: president.gov.ua

«Нягледзячы на дыскусіі, працэс тэхнічна завяршыўся», – падкрэсліла Таццяна Дзяркач.

На яе думку, дзякуючы гэтаму сабору прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка «ад сённяшняга дня ўвайшоў у гісторыю».

«Падзея абсалютна беспрэцэдэнтная. І тое, што ён здолеў гэта зрабіць і здолеў давесці да канца, я лічу ў некаторай ступені Божым правядзеннем», – сказала сузаснавальніца Cerkvarium, дадаўшы, што ўкраінская аўтакефалія невымерна важней за «бязвіз» з Еўразвязам.

Украіна абрала кіраўніка памеснай праваслаўнай царквы, ім стаў мітрапаліт Епіфаній

Тое ж, што Томас Канстанцінопаль мусіць выдаць толькі 6 студзеня наступнага года, Таццяна Дзяркач звязвае з тэхнічнымі момантамі. Але прагназаваць, што будзе далей, суразмоўца пакуль не бярэцца. У тым ліку таму, што прагназавалася, што на сабор прыедзе большая колькасць прадстаўнікоў Маскоўскага патрыярхату.

«Але іх было крытычна мала», – сказала сузаснавальніца Cerkvarium.

РПЦ не будзе сядзець, склаўшы рукі

На думку суразмоўцы, цяпер усё залежыць ад таго, як новы зверхнік здолее пабудаваць стасункі архірэяў унутры новай царквы, і ад таго, якой будзе афіцыйная рыторыка гэтай царквы – у тым ліку ў дачыненні да тых архірэяў і прыходаў Маскоўскага патрыярхату, якія выяўлялі свае аўтакефальныя настроі ці, прынамсі, былі дастаткова лаяльныя да аўтакефаліі.

Канстанцінопаль пачаў прадастаўленне аўтакефаліі Украінскай царкве

У бліжэйшы час Таццяна Дзяркач чакае, што Праваслаўная Царква ва Украіне будзе трансфармавацца ўнутры сябе і выбудоўваць стасункі з вонкавым светам, з украінскім грамадствам. Але Расейская праваслаўная царква і Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату «цяпер не будуць сядзець, склаўшы рукі».

«І ў гэтым – галоўная небяспека. Яны проста не прызналі ні рашэнні Канстанцінопаля аб аўтакефаліі, ні сённяшніх падзей. І яны будуць распавядаць сваім парафіянам, што на свет з’явілася нейкая гібрыдная раскольніцкая царква, якую не трэба прызнаваць. І вакол гэтага будзе выбудаваная іх прапаганда, накіраваная на пэўнае сацыяльнае адарванне. Памеснай царкве ў гэтым выпадку будзе больш складана праводзіць аб’яднаўчыя працэдуры», – мяркуе суразмоўца.

Царкоўны раскол набірае абароты. РПЦ можа спыніць стасункі з Іерусалімам

Не выключае экспертка і тое, што Маскоўскі патрыярхат будзе «тыкаць пальцам» у спробы дзяржавы прыцягнуць на свой бок наваствораную царкву ў плане агітацыі ці перманентнай падтрымкі ўладаў – асабліва на месцах. Але пры гэтым апаненты не будуць зважаць на тое, «што яны вельмі шмат гадоў, асабліва пры прэзідэнце Януковічу, дэманстравалі яшчэ большую лаяльнасць».

Што ж, як будзе развівацца сітуацыя далей, убачым бліжэйшым часам.

МГ/Belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары