Украінскага топ-менеджара, якога летась КДБ арыштаваў у Менску, вызвалілі пад заклад


Расследаванне крымінальнай справы аб атрыманні хабару працаўнікамі МТЗ завершанае. Трох топ-менеджараў МТЗ і старшыню праўлення «Заводу абцяжарвальнікаў», грамадзяніна Украіны Аляксандра Скібу будуць судзіць.

Нагадаем, у лістападзе 2017 года КДБ затрымаў у Менску кіраўніка прадпрыемства ПАО «Завод абцяжарвальнікаў» (г.Канстанцінаўка Данецкай вобласці) Аляксандра Скібу. Топ-менеджэр прыбыў у Менск 15 лістапада ў камандзіроўку на перамовы з МТЗ, з якім ва ўкраінскага прадпрыемства існуе дамова аб пастаўках прадукцыі, якая выкарыстоўваецца ў вытворчасці беларускага заводу. Пазней у КДБ заявілі, што Скібу затрымалі падчас дачы хабару ў памеры 2800 долараў галоўнаму металургу Менскага трактарнага заводу Андрэю Карасю. У якасці пасярэдніка пры атрыманні хабару выступаў сын Андрэя Карася. Паводле КДБ, таксама быў задакументаваны факт атрымання хабару ад прадстаўнікоў камерцыйных структур у памеры 1700 USD начальнікам упраўлення матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння ААТ «Менскі трактарны завод» В.М. Мезгоям. Напрыканцы лістапада КДБ передаў справу аб карупцыі на МТЗ у Следчы камітэт.

«Галоўны металург атрымаў ад кіраўніка ўкраінскага прадпрыемства ў якасці хабару грашовыя сродкі на агульную суму больш за 16 тысяч USD, з якіх больш за 13,5 тысяч – пры дапамаганні свайго сына, работніка мадэльнага цэха ААТ «МТЗ», а начальнік упраўлення матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння атрымаў больш за 8 тысяч долараў ЗША. Пры гэтым галоўны металург трактарнага завода аказаў дапамаганне 40-гадоваму грамадзяніну Украіны ў дачы хабару начальніку ўпраўлення», – адзначаецца ў сённяшняй заяве Следчага камітэту.

СК паведамляе, што на маёмасць абвінавачаных накладзены арышт на агульную суму больш за 1,6 мільёна беларускіх рублёў, у тым ліку тры аўтамабілі і зямельны ўчастак у прыгарадзе Менску. Галоўны металург МТЗ Андрэй Карась, ягоны сын і начальнік упраўлення матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Мезгой знаходзяцца ў СІЗА. Супраць іх распачатыя крымінальныя справы паводле арт. 430 КК (атрыманне хабару).

Украінец Аляксандр Скіба вызвалены пад заклад. Супраць яго распачатая справа паводле ч. 2 арт. 431 (дача хабару). Памер закладу не агучваецца.

З інфармацыі СК таксама не зразумела, дзе цяпер знаходзіцца Аляксандр Скіба. На «Заводзе абцяжарвальнікаў» журналістам belsat.eu сітуацыю каментаваць адмовіліся.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў