Украінец вёз у Беларусь 28 патронаў


Беларускія памежнікі падчас афармлення ў пункце пропуску «Аляксандраўка» знайшлі ў аўце ўкраінца 28 патронаў калібра 9 мм (такі калібр ужываецца ў пісталетах, рэвальверах і пісталетах-кулямётах – заўв.).

Пра гэта паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі.

56-гадовы жыхар Кіева заявіў, што едзе транзітам праз Беларусь у Літву па працоўных пытаннях, а патроны забыў выкласці з аўта перад паездкай.

Мазырскія памежнікі канфіскавалі патроны для экспертызы. Цяпер праводзяць праверку па прыкметах складу злачынства, пралугледжанага ч. 1 арт. 333 Крымінальнага кодэксу Беларусі (незаконнае перамяшчэнне праз мяжу агнястрэльнай зброі, яе складнікаў або кампанентаў, боепрыпасаў). Санкцыя артыкулу прадугледжвае да 7 гадоў зняволення.

З пачатку года мазырскія памежнікі ўжо дзясяты раз выяўляюць боепрыпасы ў пунктах пропуску.

Лукашэнка: непакоіць прыток зброі

Падчас учорашняй сустрэчы з былым кіраўніком Украіны Віктарам Юшчанкам Аляксандр Лукашэнка распавёў пра «прыток зброі».

«Мы ні ў якім разе не хочам умешвацца ў падзеі ва Украіне. Груба кажучы, гэта не наша справа, калі нас не просяць. Хоць, шчыра скажу, – мы пра гэта пагаворым – уплыў падзеяў ва Украіне на нас вельмі вялікі. Асабліва ў плане, што нас турбуе, – прыток зброі праз украінскую мяжу. Вельмі шмат мы канфіскоўваем зброі», – заявіў кіраўнік Беларусі.

Паводле Лукашэнкі, ёсць факты, калі зброя ідзе ў Беларусь з Украіны праз Расею:

«Калі крымінальныя справы расследуюцца, мы таксама такія факты фіксуем. І я прэзідэнту Расеі пра гэта казаў. Вось гэта нас больш за ўсё непакоіць».

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў