Нацыянальны банк Украіны пакуль не бачыць падставаў для таго, каб задаволіць заяўку беларускага «Парытэтбанку» на куплю ўкраінскай «дачкі» «Сбербанку» Расеі.
«Мы ўжо адмовілі гэтаму банку раней. Я не магу сябе ўявіць, якія новыя аргументы яны маглі б высунуць», – заявіла першы намеснік старшыні праўлення Нацбанку Украіны Кацярына Ражкова ў інтэрв’ю Reuters.
Між тым, Нацбанк Украіны яшчэ разглядае заяўку «Парытэтбанку» і афіцыйна рашэнне не прынятае, дадала яна.
Нагадаем, «Сбербанк» (Украіна) належыць расейскаму «Сбербанку» і ўваходзіць у топ-7 украінскіх банкаў. Размовы аб яго продажы актывізаваліся пасля ўвядзення ўкраінскім урадам санкцыяў, якія, у прыватнасці, забараняюць расейскаму банку праводзіць аперацыі на карысць матчыных структураў. Фінансавыя аналітыкі адзначаюць, што памеры «Парытэтбанку» і «Сбербанку» непараўнальны – украінскі банк прыкладна ў 3 раза буйнейшы за беларускі паводле ўласнага капіталу і ў 7,5 паводле актываў. Таму хутчэй за ўсё, мяркуюць эксперты, здзелку прафінансуе менавіта расейскі «Сбербанк», які хоча вярнуць сродкі, якія раней укладаў у сваю ўкраінскую філію (каля 1 млрд. USD). З улікам санкцыяў без беларускага пасярэдніцтва гэта будзе зрабіць немагчыма.
Вясною беларускі «Парытэтбанк» (15-й банк у Беларусі па памерах актываў), які да нядаўняга часу належыў Кіраўніцтву справамі прэзідэнта, ужо спрабаваў набыць украінскі «Сбербанк». У сакавіку паведамлялася, што «Парытэтбанк» нават застаўся адзіным прэтэндэнтам на гэты актыў, аднак здзелка сарвалася – Нацбанк Украіны адмовіў беларусам нібыта ў сувязі з неадпаведнасцю заяўніка патрабаванням заканадаўства Украіны.
У чым канкрэтна была неадпаведнасць – не ўдакладнялася. Але паводле расейскага выдання «Коммерсант» адзінай праблемай у здзелцы магла стаць фігура кіраўніка справаў прэзідэнта Віктара Шэймана, які застаецца пад санкцыямі Захаду праз падазрэнне ў датычнасці да выкраданняў і забойстваў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага.
У канцы траўня 2018 гадоў ў «Парытэтбанку» змяніўся ўласнік – 99,83% акцый банка, якімі раней валодала Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, перайшлі Дзяржаўнаму камітэту па маёмасці. Пасля гэтага «Парытэтбанк» зноў падаў заяўку на куплю ўкраінскага «Сбербанку».
ІІ, belsat.eu