Украіна: «Захад-2017» – пагроза для нашае бяспекі


Старшыня Генштабу Украіны кажа, што частка расейскіх войскаў, якія рыхтуюцца для ўдзелу ў сумесных з Беларуссю вучэннях «Захад-2017», можа пасля іх заканчэння застацца на беларускай тэрыторыі.

Галоўнакамандуючы Узброеных сілаў Украіны Віктар Мужэнка не выключае, што «па завяршэнні вучэнняў частка расейскіх войскаў застанецца на тэрыторыі Беларусі».

«Існуе высокая імавернасць, што падчас вучэнняў будуць разгорнутыя пункты схаванага захоўвання ўзбраення, ваеннай тэхнікі і матэрыяльна-тэхнічных сродкаў», – цытуе заяву Мужэнкі на сумесным пасяджэнні Ваенна-навуковай рады УС Украіны і Нацыянальнай акадэміі навук Украіны агенцтва «Інтэрфакс».

Вайсковец адзначыў, што гэта дазволіць суперніку скараціць час для стварэння ўдарных груповак на заходнім і паўднёва-заходнім стратэгічных напрамках, што стварае прамую пагрозу для бяспекі Украіны.

Паводле нашых звестак, колькасць расейскіх войскаў для ўдзелу ў вучэннях ужо цяпер павялічаная з задэклараваных 3 да 5 тысячаў. Правядзенне такіх маштабных расейска-беларускіх вучэнняў, як «Захад-2017», можа расцэньвацца як мера па нарошчванню баявога патэнцыялу Расеі на межах нашай дзяржавы, а таксама на межах Польшчы і прыбалтыйскіх краінаў, – заявіў Мужэнка.

Супольныя вайсковыя вучэнні Беларусі і Расеі пройдуць у верасні.

ДД

Стужка навінаў