Украіна не будзе рэгістраваць расейскіх назіральнікаў на выбарах


Міністр замежных спраў Украіны Павел Клімкін заявіў, што падкантрольнае яму ведамства не будзе прымаць заяўкі аб рэгістрацыі расейскіх назіральнікаў на выбарах.

Паводле яго слоў, некалькі дзён таму ён накіраваў ліст дырэктара Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ Інгіб’ёрг Солрун Гісладаттыр з запрашэннем накіраваць назіральную місію на прэзідэнцкія выбары ва Украіне.

«Сярод іншых цалкам стандартных рэчаў, заўважыў, што МЗС Украіны не будзе прымаць заяўкі аб рэгістрацыі расейскіх назіральнікаў», – паведаміў міністр.

«Лічу гэта неабходным, калі гаворка ідзе пра назіральнікаў ад краіны-агрэсара і акупанта. Дарэчы, такіх прэцэдэнтаў нямала ў практыцы АБСЕ», – адзначыў ён.

На думку Клімкіна, той, хто бачыць магчымым «дэмакратычнае волевыяўленне ў Расеі пад парасонам ФСБ» без рызыкі для выбарнікаў, хай адстойвае свой пункт гледжання ў прававым полі.

Раней Цэнтральная выбарчая камісія Украіны закрыла ўчасткі для галасавання ў Расеі. 31 снежня ва Украіне стартавала выбарчая кампанія, самі выбары запланаваныя на 31 сакавіка.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў