Украіна: музычны гурт Scooter чакае крымінальны пераслед


Пракуратура Украіны збіраецца выклікаць на допыт нямецкі музычны гурт Scooter, які прыехаў з канцэртам у анексаваны Расеяй Крым.

«Пракуратура скіруе запыты ў кампетэнтныя органы Нямеччыны аб прадстаўленні міжнароднай прававой дапамогі, каб ажыццявіць допыт удзельнікаў гурта», – заявіла прэс-сакратар пракуратуры Аўтаномнай рэспублікі Крым Таццяна Ціхончык у эфіры тэлеканала «112 Украіна».

Раней супраць музыкантаў было распачата крымінальная справа паводле артыкулу «Парушэнне парадку ўезду на часова акупаваную тэрыторыю Украіны і выезду з яе» Крымінальнага кодэкса Украіны.

Гурт адыграў канцэрт у Севастопалі на фэсце ZBFest у пятніцу, 4 жніўня.

«Scooter незаконна прыбылі ў Крым нягледзячы на нашы папярэджанні. Шкада. Вельмі хутка нам давядзецца сапсаваць добры настрой Эйч Пі Бакстару і кампаніі», – скаментаваў навіны пра перасоўванні немцаў амбасадар Украіны ў Нямеччыне Андрэй Млынар у Twitter.

Да выступу саліст калектыву Эйч Пі Бакстар сцвярджаў, што група знаходзіцца па-за палітыкай.

«Вельмі апалітычна», – з сарказмам напісаў амбасадар Украіны ў Нямеччыне, адзначыўшы, што Бакстара сустрэлі ў аэрапорце тры расейскіх федэральных тэлеканалы.

КА, belsat.eu, паводле bbc.com

Стужка навінаў