Украіна можа пазбавіць пенсіяў тых, хто атрымаў расейскія пашпарты


Міністр па справах ветэранаў Ірына Фрыз заявіла, што грамадзяне Украіны, якія атрымалі расейскія пашпарты незаконным шляхам, могуць пазбавіцца сацыяльных выплатаў і пенсіяў на Украіне. Супраць расейскіх чыноўнікаў, якія ўдзельнічаюць у выдачы пашпартоў, плануюць увесці персанальныя санкцыі.

Кабінет міністраў Украіны вырашыў прызнаць несапраўднымі ўсе пашпарты грамадзянаў Расеі, якія будуць выдадзены жыхарам самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік, заявіў прэм’ер-міністр краіны Уладзімір Гройсман, паведамляе ВВС.

Міністр па справах часова акупаваных тэрыторыяў Вадзім Чарныш паведаміў пра рыхтаванне санкцыйных спісаў, у які ўвойдуць расейскія чыноўнікі, якія ўдзельнічалі ў арганізацыі выдачы пашпартоў грамадзянам Украіны.

«Мы ведаем цяпер пералік асобаў, якія непасрэдна задзейнічаны ў незаконных дзеяннях па выдачы пашпартоў украінскім грамадзянам і фактычна да дзеянняў па ціску і прымусу грамадзянаў да атрымання такіх дакументаў», – сказаў ён.

Да гэтых асобаў будуць ужытыя персанальныя санкцыі «ва ўзаемадзеянні з міжнароднымі партнёрамі», дадаў Чарныш.

Агенцтва Інтэрфакс са спасылкай на ананімную крыніцу ў Бруселі паведамляе, што ў панядзелак, 13 траўня, сітуацыю збіраюцца абмеркаваць міністры замежных справаў Еўразвязу. Амерыканская амбасада ва Украіне асудзіла раздачу расейскіх пашпартоў.

Прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў заявіў, што спрошчаная працэдура атрымання грамадзянства будзе дзейнічаць па-за залежнасці ад рэакцыі кіеўскіх уладаў.

«Мы працягнем выдаваць пашпарты тым грамадзянам, якія гэта пажадаюць, і якія падпадаюць пад дзеянне прэзідэнцкага ўказу», – сказаў ён журналістам у адказ на пытанне пра магчымае непрызнанне Кіевам пашпартоў.

Hавiны
Украіна не прызнае расейскіх пашпартоў для жыхароў Данбасу
2019.05.08 15:25

СК belsat.eu

Стужка навінаў