Украіна адмовіла ва ўездзе васьмярым беларусам, але гэта не звязана з ваенным становішчам


За мінулыя содні васьмі грамадзянам Беларусі адмовілі ва ўездзе на тэрыторыю Чарнігаўскай вобласьці праз тое, што яны не змаглі пацвердзіць мэту сваёй паездкі.

Афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Антон Бычкоўскі паведаміў belsat.eu, што грамадзянаў Беларусі на беларуска-ўкраінскай мяжы масава не разварочваюць. У сваю чаргу у Дзяржаўным памежным камітэце Украіны распавялі, што адмовы на ўезд на тэрыторыю Украіны не звязаныя з ваенным становішчам.

«Грамадзянам Беларусі адмовілі, бо на гэта былі прычыны, яны прапісаныя ў адмовах, якія ім выдалі на рукі. Яны самыя вам могуць пра іх распавесці. Гэта не звязана з ваенным становішчам. Такі парадак пропуску быў і раней. Цяпер абмежаваны ўезд для расейскіх грамадзянаў векам ад 16 да 60 гадоў, бо гэта катэгорыя і раней мела больш пільны кантроль».

Паводле ўкраінскіх памежнікаў, з Расеі прапускаюць дыпламатычных прадстаўнікоў, кіроўцаў аўтобусаў, замежнікаў з дазволам на жыхарства, тых, хто едзе на пахаванне ці з нейкай іншаю гуманітарнаю мэтай.

«Усе іншыя мусяць пацвярджаць, навошта яны да нас едуць. Словы «я еду паглядзець Кіеў» не ёсць пацверджаннем намераў і доказам, што асоба не плануе нічога супрацьпраўнага», – распавялі belsat.eu у Дзяржаўнай памежнай службе Украіны.

Вярхоўная Рада Украіны 26 лістапада зацвердзіла ўказ прэзідэнта Пятра Парашэнкі аб увядзенні ваеннага становішча. Яго ўвялі з 9-й раніцы 28 лістапада на 30 дзён, то бок да 27 снежня ў дзесяці вобласцях краіны – тых, якія мяжуюць з Расеяй, Прыднястроўем і ўзбярэжжам Чорнага мора, а таксама ў памежнай з Беларуссю Чарнігаўскай вобласці.

Увядзенне ваеннага становішча ініцыяваў сакратар РНБА Аляксандр Турчынаў пасля таго, як дзень раней Расея захапіла тры ўкраінскія караблі ў Керчынскай пратоцы.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў