Украіна адказала на расейскае эмбарга


Паміж Расеяй і Украінай пачалася новая, гандлёвая, вайна.

Сёння набыло моц распараджэнне ўкраінскага Кабінету міністраў увесці эмбарга на расейскія харчы ды іншыя тавары – люстэркавы адказ Расеі, якая ўвяла эмбарга на ўкраінскія тавары і харчы.

Абмежаванні ўвялі да 5 жніўня 2016 года або да адмены забароны на ўвоз на мытную тэрыторыю Расеі тавараў з Украіны.

У пераліку забароненых для ўвозу харчоў – мяса, гарбата, кава, кандытарскія вырабы, а таксама алкаголь і цыгарэты.

З 1 студзеня Расея афіцыйна ўвяла харчовае эмбарга адразу супраць дзвюх краінаў – Украіны і Турцыі. З 2014 года ў Расеі дзее эмбарга на харчы з Еўразвязу, Злучаных Штатаў, Аўстраліі, Канады ды Нарвегіі – такім быў адказ на заходнія санкцыі пасля захопу Крыму.

Большасць далікатэсаў з расейскіх прылаўкаў, аднак, не знікла: цяпер яны трапляюць туды праз Беларусь. Напрыклад, нарвежскі ласось перапрацоўваецца на нашых рыбных заводах – у выніку мытны код 0302 («Астуджаны ласось») змяняецца на 0305 («Філе ласося з мінімальным утрыманнем солі ў 3,5 %»).

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў