Украіна абмянялася палоннымі з «народнымі рэспублікамі»


Прадстаўнікі «народных рэспублік» дастаўляюць палонных грамадзянаў Украіны на КПП пад Горалаўкаю для абмену. 29 снежня 2019 года. Фота – Валянцін Спрынчак / TASS / Forum

Украіна перадала «народным рэспублікам» 123 чалавек, а атрымала 77, падае «ТАСС».

Падчас абмену палоннымі на кантрольна-прапускным пункце пад Горлаўкаю Данецк перадаў Кіеву 52 чалавек і атрымаў 60. Луганск аддаў украінскаму боку 25 палонных і забраў 63 сваіх прыхільнікаў.

Дзевяць чалавек адмовіліся ад удзелу ў абмене і захацелі застацца ў Украіне, падае «УНІАН».

Адміністрацыя ўкраінскага прэзідэнта зладзіла ў «Фэйсбуку» стрым з абмену.

Грамадзянін Украіны атрымлівае кавалак торту падчас абмену палоннымі пад Горлаўкаю. Фота –Вячаслаў Мадыеўскі / Reuters / Forum

Пасля заканчэння абмену «ДНР» мае намер адшукаць на Украіне яшчэ 160 чалавек, якіх хочуць вярнуць сепаратысты.

«Мы склалі дакумент, які гарантуе працэсуальную ачыстку асобаў, якія цяпер знаходзяцца пад следствам або пад судом. І ўкраінскі бок павінен выканаць свае абавязкі«, – заявіла амбудсмэн «ДНР» Дар’я Марозава.

Аб абмене палоннымі паводле фармату «усе на ўсіх» лідары «нармандскай чацвёркі» дамовіліся на сустрэчы ў Парыжы 9 снежня.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў