Уезд у цэнтр Менску можа стаць платным для ўсіх. Плануюць падключыць «BelToll»


Старшыня Менгарвыканкаму Андрэй Шорац паведаміў у сераду, 21 снежня 2016 года, што гарадскія ўлады вывучаюць магчымасці абмежаваць уезд аўтамабіляў у цэнтр Менску, у тым ліку зрабіўшы яго платным для ўсіх.

«Галоўная задача – зрабіць рух на грамадскім транспарце больш зручным, камфортным і хуткім, чым на асабістых аўтамабілях», – падкрэсліў старшыня Менскага гарвыканкаму.

Што датычыць платнага ўезду ў цэнтр, то гэта ідэя можа быць рэалізаваная з дапамогай сістэмы «BelToll». «І кожны ўдзельнік руху будзе разумець, што, заязджаючы ў пэўную зону, ён павінен заплаціць», – сказаў Андрэй Шорац.

Іншыя падыходы, паводле Шорца, заключаюцца ў тым, каб зрабіць нязручным праезд праз цэнтр гораду і выкарыстоўваць для зніжэння аўтамабільных патокаў 1-е і 2-е транспартныя кольцы. Яшчэ адна прапанова на разглядзе Менгарвыканкаму – абмежаваць уезд на МКАД або зрабіць яго платным для грузавога транспарту.

Перад прыняццем канчатковага рашэння гарадскія ўлады вывучаюць, у тым ліку, вопыт італьянскага Турыну, які падобны на Менск паводле структуры дарожнай сеткі.

Акрамя таго, плануецца вылучыць асобныя палосы для грамадскага транспарту на асноўных праспектах сталіцы, як гэта ўжо зроблена на ўчастку праспекту Незалежнасці ад Кастрычніцкай плошчы да цырку.

Беларускія кіроўцы незадаволеныя сістэмай «BelToll» і наракаюць на яе некарэктную працу.

МЯ, паводле telegraf.by

Стужка навінаў