«Удзень забіваў, а ўвечары маляваў Хрыста?» Таямніца іконы нямецкага афіцэра


Абраз "Сэрца Езуса", намаляваны нямецкім афіцэрам. Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

У вёсцы Карэвічы Свіслацкага раёну ёсць незвычайны абраз, які напісаў і падарыў касцёлу афіцэр вермахту. Што прымусіла немца зрабіць такі жэст?

Славутасцяў у Карэвічах няшмат. У вёсцы засталося некалькі жылых дамоў, але папулярнасці гэтай мясціне дадае тутэйшая аграсядзіба. Нас цікавіць, аднак, касцёл Хрыста Пантакрата (Уладара), а, дакладней, ікона, якая вісіць у алтарнай частцы. Невялікі белы будынак касцёлу хаваецца сярод дрэваў у самым цэнтры вёскі. Каля ўваходу ўжо чакае Марыя Ігнатовіч, каб адчыніць святыню. Спадарыня Марыя прыехала ў суседнюю вёску Геруцева 10 гадоў таму з Менску, каб даглядаць маці. Раней жанчына была адной з праектоўцаў сталічнага метро. Тут, у Карэвічах, яна пачала дапамагаць касцёлу.

Марыя Ігнатовіч. Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

«Гэты касцёл будавалі не немцы, як часта кажуць, – пачынае свой расповед Марыя Ігнатовіч. – Капліцу ў 1943 годзе будаваў ксёндз з Ваўкавыску Казімір Раслеўскі. Ён даўно ўжо памёр. Калі прыйшлі саветы, будынак аддалі школе і тут зрабілі спартовую залу. А ўжо ў 94 годзе касцёл аднавілі. Ён, дзякуй Богу, не быў моцна пашкоджаны. Яго крыху перабудавалі, шчыліну ў сцяне адрамантавалі, абшылі знутры дрэвам. І нейкім цудам захаваўся гэты абраз. Ці то яго людзі перахавалі, ці ён у іншым касцёле ляжаў, я ўжо дакладна не скажу. Але, калі я сюды вярнулася, ён ужо тут быў».

У 2009 годзе спадарыня Марыя запрасіла мастака Алеся Пушкіна адрэстаўраваць пашкоджаны абраз, які некалі вісеў у святыні.

«Шкада было проста. Абраз быў без рамы з дзвюма дзіркамі. Ён быў, хутчэй за ўсё, прастрэлены. Я замаўляла ў Алеся ікону Маці Божай Вастрабрамскай і папрасіла яго таксама гэтым абразом заняцца. Тады Алесь выявіў, што абраз намаляваны нямецкім афіцэрам», – кажа жанчына.

Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Як паведаміў мастак, ікону «Сэрца Езуса» напісаў жаўнер вермахту Ёган Шусэ з Дрэздэну ў кастрычніку 1943 г., пра што сведчыць надпіс па-нямецку на зваротным баку.

«Я зрабіў аналіз фарбаў, і выявілася, што гэта сапраўды старыя нямецкія фарбы. Вядома, што ў Дрэздэне ёсць знакамітая Акадэмія мастацтваў, але абраз маляваў аматар. Чаму ён гэта зрабіў, можна толькі здагадвацца. Магчыма, ён быў вернік. Але я не магу сабе ўявіць, каб гэты чалавек удзень паліў вёскі, а ўвечары маляваў Хрыста», – кажа Алесь Пушкін.

Касцёл Хрыста Пантакрата ў Карэвічах. Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Як распавядае Марыя Ігнатовіч, сёння ў вёсцы засталося ўсяго шасцёра мясцовых. Старэйшыя людзі ўсе памерлі, у тым ліку і маці жанчыны, якая магла нешта распавесці пра час вайны.

«Мама мая з 29-га года. У часе вайны ёй было гадоў 13. Яна казала, што немцы не былі тут лютыя. Капліцу пры акупантах пабудавалі. Значыць, быў дазвол. Ужо потым, калі пачала дзеяць партызанка, немцы пачалі людзей страляць. Да прыкладу, тут недалёка каля вёскі Свянціца ёсць магіла, дзе пахаваныя тры браты на прозвішча Шавель. Дык двое сапраўды мелі сувязь з партызанамі, а быў адзін стрыечны, таксама Шавель, то застрэлілі толькі таму, што прозвішча аднолькавае. У Нямеччыну на працу вывозілі таксама шмат каго. Бацька наш прыхаваўся, а цётку вывезлі», – распавядае спадарыня Марыя.

Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Немцы акупавалі Свіслацкі раён на самым пачатку вайны ў канцы ліпеня 1941 г. Цяжка аб’ектыўна ацаніць, ці захопнікі на гэтых тэрыторыях «не былі лютыя». Калі паглядзець на спіс загінулых у Свіслацкім раёне, то для кожнай вёскі лічбы розныя. Сапраўды, у Карэвічах расстралялі толькі два чалавекі ў 1943 і 1944 гг. Аднак, калі глянуць вёску Гранявічы, якая таксама ў Поразаўскім сельсавеце, то лічбы паказваюць, што ў 1943–44 гг. немцы забівалі тут цэлыя сем’і разам з дзецьмі: Асмаловічаў, Ашукаў, Гаўрылікаў, Грышко, Лявіцкіх і г.д.– агулам 28 чалавек. Нельга таксама забываць, што ўвесну 1942 года нацысты знішчылі 400 габрэяў з гета ў Поразаве, а ўвосень таго ж года 1500 габрэяў у Свіслацкім гета. Агулам у Свіслацкім раёне ад рук акупантаў загінула больш за 5 тыс. мірных жыхароў.

Надпіс за зваротным баку абраза з іменем мастака Ёгана Шусэ з Дрэздэну. Фота з архіву Марыі Ігнатовіч

Ці мог нямецкі афіцэр пры такіх лічбах не мець крыві на руках? Што прымусіла яго напісаць ікону Хрыста? Спроба звярнуцца да Бога, каб адпусціў грахі? Унутранае непрыняцце жахаў, якія адбываліся ў вайну? Які быў лёс гэтага чалавека? Марыя Ігнатовіч і Алесь Пушкін спадзяюцца, што некалі знойдуцца сваякі або знаёмыя Ёгана Шусэ, якія распавядуць ягоную гісторыю.

Паўліна Валіш, фота Васіль Малчанаў belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары