Удзельніку інцыдэнту з АМАПам у Маладзечна выставілі абвінавачанне


Аднога з тых, хто абараняў людзей ад АМАПу падчас «ланцуга салідарнасці» 19 чэрвеня Паўла Пяскова затрымалі ў суботу ўдзень. Яму пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Учора, 23 чэрвеня, Пяскову афіцыйна выставілі абвінавачанне па ч.2 артыкулу 363 (супраціў міліцыі з ужываннем гвалту або ягонай пагрозай) і выпусцілі пад хатні арышт.

«Не было ніякай бойкі, я спрабаваў дапамагчы чалавеку, на якога накінуўся АМАП. А цяпер кажуць, што быццам бы ў аднаго з супрацоўнікаў Якавенка паламаныя рэбры. Пры гэтым мы сёння бачым на судзе над Мікалаем Алейнікам, што гэты супрацоўнік знаходзіцца на сваім працоўным месцы, а не на бальнічным», – кажа Павел Пяскоў.

Паўла таксама яшчэ ўчора асудзілі паводле артыкулу 23.34 за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і далі штраф у 1350 рублёў. Ён мае яшчэ непагашаны штраф за сустрэчу з Ціханоўскім у траўні і дзякуе ўсім, хто фінансава дапамагае яго сплачваць.

Нагадаем, падчас акцыі салідарнасці ў Маладзечна 19 чэрвеня пры спробе затрымаць аднаго з удзельнікаў адбылася штурханіна з АМАПам. Відэа інцыдэнту трапіла ў сацыяльныя сеткі.

Наста Кахановіч belsat.eu

Стужка навінаў