Удзельнікі праймерыз падалі дакументы ў ЦВК. І заклікаюць не адчыняць дзверы зборшчыкам подпісаў


Удзельнікі праймерыз апазіцыі – Мікалай Казлоў, Юрась Губарэвіч і Вольга Кавалькова – падалі ў ЦВК дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў. Пра гэта ў відэа, размешчанам у Фэйсбуку, распавёў лідар руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.

Юрась Губарэвіч падкрэслівае, што «галоўнае – выкарыстаць тыя магчымасці, якія дае выбарчая кампанія». Палітык дадаў, што гэтую кампанію ніяк нельга лічыць сапраўднымі выбарамі, бо «парушэнні пачаліся ўжо з першага этапу». Аднак горш за ўсё тое, што праз пяць дзён распачнецца этап збору подпісаў ва ўмовах эпідэміі каронавіруса.

«Я проста не ўяўляю, хто з кандыдатаў у здаровым розуме можа накіраваць сваіх зборшчыкаў подпісаў па кватэрах грамадзянаў. Хіба што адзін – Аляксандр Лукашэнка, бо яму ўжо губляць няма чаго і людзі ў ініцыятыўных групах у яго паднявольныя. Але я звяртаюся да кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь: не адчыняйце дзверы зборшчыкам подпісаў! Таму што, калі ён прыходзіць да вас у кватэру, першы дзень працуе, другі, трэці… На чацверты ён атрымлівае заражэнне, на сёмы робіцца пераносчыкам заразы. Гэта будзе хадзячая біялагічная зброя», – кажа Губарэвіч.

Палітык паабяцаў, што ўдзельнікі праймерыз не будуць накіроўваць сваіх актывістаў збіраць подпісы па кватэрах, бо ва ўмовах эпідэміі «гэта злачынства». Але рэгістрацыя ініцыятыўнай групы – гэта «пэўная легальная магчымасць» працаваць з людзьмі і распаўсюджваць інфармацыю пра неабходнасць зменаў у Беларусі і адстаўкі Лукашэнкі, кажа Губарэвіч.

На думку Губарэвіча, ніхто з патэнцыйных кандыдатаў не здольны сабраць 100 тысяч подпісаў падчас эпідэміі, таму выбары праводзіць нельга – яны мусяць быць скасаваныя і перанесеныя на канец года.

Інфармацыя пра падачу дакументаў удзельнікамі праймерыз таксама зʼявілася на сайце ЦВК. Кіраўніком ініцыятыўнай групы Губарэвіча зʼяўляецца Віктар Янчурэвіч, КавальковайМарына Хоміч, а Казлова – сам Мікалай Казлоў.

Усяго на момант напісання артыкулу дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў у ЦВК перадалі 47 патэнцыйных кандыдатаў.

Hавiны
Удзельнікі праймерыз адмовіліся ад прэзідэнцкай гонкі і заклікаюць змагацца з «дыктатурай»
2020.05.10 17:31
  • Напрыканцы студзеня 2020 года пяць апазіцыйных структураў вырашылі аб’яднаць намаганні, каб выставіць адзінага кандыдата на выбарах прэзідэнта. БСДП (Грамада), Партыя БНФ, АГП, БХД і рух «За свабоду» пагадзіліся абраць адзінага кандыдата праз працэдуру праймерыз, у аснову якой закладзеная рэйтынгавая сістэма. Сама працэдура фармавалася з чатырох складнікаў: падтрымка прэтэндэнта з боку партыі, галасаванне падчас паездак у рэгіёнах, інтэрнэт-галасаванне і, нарэшце, рашэнне Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Да ўдзелу ў праймерыз былі дапушчаныя пяць палітыкаў: Павел Севярынец, Вольга Кавалькова, Юрась Губарэвіч, Мікалай Казлоў і Аляксей Янукевіч. Менавіта ў такім складзе яны пачалі паездкі па рэгіёнах, дзе ўсе жадаючыя маглі прыняць удзел у галасаванні за адзінага кандыдата.
  • 16 сакавіка фаварыт праймерыз Павел Севярынец абвесціў, што спыняе свой удзел у кампаніі. Гэтае рашэнне ён патлумачыў тым, што на галасаванне ўлады пачалі масава заганяць працаўнікоў мясцовых райвыканкамаў, чым і забяспечылі перамогу Юрасю Губарэвічу ў шэрагу гарадоў. На думку Севярынца, нельга даваць уладам права абіраць адзінага кандыдата ад апазіцыі, а праз пандэмію каронавіруса будзе немагчыма забяспечыць масавы ўдзел у галасаванні сваіх паплечнікаў і такім чынам ўраўнаважыць галасы райвыканкамаў. У след за Севярынцам з праймерыз выйшаў і Аляксей Янукевіч – ён спаслаўся тым, што адзінства кааліцыі ўжо разбурана і таму працэдура страціла сэнс.
  • Выхад з праймерыз 2 з 5 прэтэндэнтаў, а таксама эпідэмія COVID-19 істотна знізіла цікаўнасць грамадства да гэтай кампаніі. Праз каронавірус паездкі па рэгіёнах прыйшлося датэрмінова згарнуць. А ў інтэрнэт-галасаванні прынялі ўдзел толькі каля 4,5 тысяч чалавек – нашмат менш, чым планавалася. Аднак ад самой працэдуры палітыкі не адмовіліся. На этапе галасавання ў рэгіёнах перамог Губарэвіч, у онлайн-галасаванні – Казлоў. Апошні этап праймерыз – Кангрэс дэмакратычных сілаў – да абвяшчэння прэзідэнцкіх выбараў адбыцца не паспеў. Адпаведна адзіны кандыдат не быў вызначаны. 10 траўня Губарэвіч, Казлоў і Кавалькова заявілі, што адмаўляюцца ад удзелу ў выбарах, але створаць сумесную ініцыятыўную групу ў межах кампаніі «За Беларусь без дыктатуры!»
Абноўлена
ЦВК рэгіструе ініцыятыўныя групы: Лукашэнка і Гайдукевіч – так, Ціханоўскі – не
2020.05.15 11:48

ІІ belsat.eu

 

Стужка навінаў