Удзельнікам акцыяў супраць інтэграцыі з Расеяй прысудзілі штрафаў на $ 54 тыс.


Цягам снежня мінулага году і студзеня сёлета ў Беларусі адбылося больш за 150 судовых пасяджэнняў, падчас якіх судзілі актывістаў за ўдзел у акцыях 7, 8, 20 і 21 снежня. Па стане на 23 студзеня агульная сума штрафаў удзельнікам акцыяў склала 114 тысячаў 777,5 рублёў (больш за 54 000 долараў ЗША). 11 асобаў асуджаныя агулам на 285 дзён арышту, паведамляюць праваабаронцы «Вясны».

Суды над удзельнікамі акцыяў за незалежнасць, якія адбыліся ў снежні летась, працягваюцца да гэтага часу. Прычым судзяць актывістаў не толькі ў сталіцы, але і ў рэгіёнах.

«Улады навучыліся дзейнічаць досыць тонка, таму што акцыі не разганялі. Фізічныя спецсродкі супраць мітынгоўцаў не ўжывалі, удзельнікаў падчас дэманстрацыяў не затрымлівалі. Ужываюць іншыя метады пакарання і ў асноўным гэта пакаранне рублём, фінансавыя санкцыі, а не пазбаўленне волі», – распавёў «Белсату» сябра рады праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

Пратэст 20 снежня. Фота Ірына Арахоўская belsat.eu

Грамадзянская ініцыятыва «BY_Help» абвесціла збор сродкаў, каб дапамагчы асуджаным удзельнікам акцыяў супраць інтэграцыі з Расеяй. Агульны памер штрафаў удзельнікам акцыяў склаў каля 54 тысячаў долараў ЗША.

Акрамя таго, праваабаронцы дапамагаюць актывістам у юрыдычным плане.

«Мы напісалі больш за 50 скаргаў на пастановы, якія вынеслі суды. Аб’ём працы вельмі вялікі. Асабліва нас непакоіць практыка вынясення судовых пастановаў без удзелу самых асобаў, якіх судзяць. Гэта сведчыць пра парушэнні правоў людзей, паколькі ў чалавека няма магчымасці рэалізаваць сваё права на абарону. Асабліва, калі людзі адбываюць адміністратыўны арышт. Непакоіць практыка накаплення адміністратыўнага арышту. Гэта маніпуляцыя. Бо, напрыклад, блогер Шэры Кот, паводле нашых падлікаў, атрымаў нават 105 дзён адміністратыўнага арышту. Усе гэтыя арышты блогера патрапляюць пад нашыя крытэры палітвязня», – дадаў Валянцін Стэфановіч.

Hавiны
Беларусы сабралі 20 тысячаў долараў на штрафы ўдзельнікам акцыяў за незалежнасць
2020.01.18 06:41

Акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй сталіся рэакцыяй грамадства на замоўчванне беларускімі ўладамі праграмы эканамічнага і палітычнага абʼяднання афіцыйных Менску і Масквы. Поўныя тэксты інтэграцыйных мапаў усцяж не апублікаваныя.

Hавiны
«Не апускаемся ў вобласць палітыкі». Ідэолагі «судзілі» актывіста за падтрымку незалежнасці
2020.01.24 06:00

СК belsat.eu

Стужка навінаў