Удзельніка пратэстаў 12 жніўня знайшлі павешаным


Загінуў адзін са зніклых у часе паслявыбарчых пратэстаў – 28-гадовы Мікіта Крыўцоў, які не вярнуўся дамоў 12-га жніўня. Пра гэта паведаміла жонка Мікіты Крыўцова Алена, у сваім акаўнце ў Instagram. Крыніца Вelsat.eu: апошні сігнал тэлефону Мікіты быў побач з міліцыяй.

Фота з сацыяльных сетак Алены Крыўцовай

У апошні раз ягоны нумар тэлефону быў зафіксаваны ў РНПЦ Неўралогіі і нейрахірургіі ў Менску, што недалёка ад таго месца, дзе сёння знайшлі цела Мікіты Крыўцова.

Цела Кыўцова знайшлі ў лесапарку

Сям’я і пошукавы атрад добраахвотнікаў «Анёл» шукалі мужчыну на працягу 10 дзён.

Фотарэпартаж
Жодзіна: адныя – за мір, другія – за канец палітычных прысудаў. ФОТАРЭПАРТАЖ
2020.08.22 23:10

Сем’і і праваабарончыя арганізацыі прасілі дапамогі ў пошуку людзей, якія не трапілі ў спісы затрыманых 9-13 жніўня беларусаў, ці то ў шпіталі праз атрыманыя раненні, катаванні, збіццё.

Журналісты парталу «Онлайнер» звязаліся з жонкаю Мікіты Крыўцова. Яна кажа, што не валодае інфармацыяй аб удзеле мужа ў мітынгах і не ведае, ці ёсць на ягоным целе сляды гвалту.

«Я не ведаю, удзельнічаў ён у мітынгах ці не, не ведаю, ці быў ён затрыманы ці не. – Ён 12-га жніўня перастаў выходзіць на сувязь – і ўсё: чалавек знік. А сёння нам патэлефанавалі і сказалі, што яго знайшлі павешаным. Мы толькі заўтра паедзем у морг, міліцыю і будзем усё пазнаваць. Я ўпэўненая, што сам ён не мог гэтага зрабіць. Ён быў слабым для такога», – сказала Алена.

Мікіта Крыўцоў знік 12 жніўня ў першай палове дня, калі накіраваўся на працу ў Каралёў Стан Менскага раёну

Геалакацыя – больніца або міліцыя

Ад нашага чытача мы атрымалі інфармацыю аб апошняй геалакацыі тэлефону загінулага:

«Сапраўды, базавыя станцыі аператараў: A1, MTS, BeCloud размяшчаюцца на тэрыторыі гэтага самага РНПЦ. Таксама гэта бліжэйшыя базавыя станцыі да ўчастку міліцыі. Абсалютна відавочна, што калі б ён знаходзіўся на тэрыторыі ўчастка міліцыі, яго тэлефон, калі б ён быў абанентам любога з трох аператараў (BeCloud прадастаўляе інфраструктуру LTE для ўсіх аператараў у Беларусі), падключыўся б да БС на даху РНПЦ»»

Гэта значыць Мікіта мог быць як у шпіталі, так і ў міліцыі.

Абслугоўванне мабільнай сувязі паблізу месца, дзе зафіксавалі апошні сігнал тэлефону загінулага. Скрыншот

Крыніца «Белсату» тлумачыць, што на скрыншоце чатыры жоўтых праменя – гэта сектары базавай станцыі LTE BeCloud. То бок там усталяваны даволі магутны вузел. Калі ў загінулага быў iPhone, то, верагодна, тэлефон адправіў сігнал у сэрвіс find my iРhone праз чыйсьці тэлефон побач.

«У апошніх версіях абнаўлення Знайсці тэлефон або камп’ютар Apple можна нават калі ён не падлучаны да Інтэрнэту і не мае сувязі з GPS-тэлефон проста праз bluetooth час ад часу просіць суседні айфон перадаць ў сэрвіс сваё месцазнаходжанне. І тут, будзь мы ў ЗША, можна было б даведацца, праз чый тэлефон быў адпраўлены гэты апошні сігнал»…

МУС паведамляе, што падчас пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі сілавікі затрымалі каля 7000 чалавек. Шмат хто з іх заяўляе пра гвалт і нялюдскае абыходжанне пад час затрымання АМАПам, у аддзяленнях міліцыі ды за кратамі. Ёсць і загінулыя, але афіцыйнага расследавання смерці ўдзельнікаў пратэсту сілавікі не распачынаюць. МУС Беларсусі 21 жніўня заявіла, што «частка грамадзянаў выехала на заробкі ці на адпачынак за мяжу, нікога не папярэдзіўшы», і што праверыць ім засталося некалькі дзясяткаў заяваў аб знікненнях у гэтыя дні.

  • 10 жніўня ў Менску загінуў 34-гадовы Аляксандр Тарайкоўскі, які, паводле відэакрыніцаў, быў застрэлены на месцы. Афіцыйна ў МУС заяўлялі, што ў яго руках выбухнуў невядомы прадмет.
  • У Гомлі 11 жніўня памёр 25-гадовы Аляксандр Віхор, якога затрымалі 9 жніўня.
  • 16 жніўня загінуў 19-гадовы Арцём Парукаў, афіцыйна яго збіла машына на Партызанскім праспекце.
  • 19 жніўня ў вайсковым шпіталі Менску памёр 43-гадовы Генадзь Шутаў. Яго паранілі ў галаву 11 жніўня ў раёне Маскоўскай адміністрацыі Берасця падчас пратэстаў.
  • У Ваўкавыску знайшлі цела 29-гадовага Канстанціна Шышмакова, які будучы чальцом участковай камісіі адмовіўся падпісваць выніковы пратакол. З ім развіталіся 20 жніўня, родныя адмовіліся каментаваць смерць журналістам. Прычыны смерці пакуль невядомыя.
Hавiны
«Сказаў праз тэлефон не выходзіць на вуліцу, бо там небяспечна, і стаў недасяжны». Беларусы шукаюць сваіх зніклых сваякоў
2020.08.17 22:05

ЮЦ Belsat.eu

Стужка навінаў