Удзельнік пратэстаў у Пінску: «Міліцыянты казалі, што самі за Беларусь»


27 снежня ў Пінскі РАУС па чарзе прыходзілі ўдзельнікі пратэсту супраць інтэграцыі Беларусі і Расеі. Пратэст адбыўся ў сталіцы Палесся тыдзень таму.

20 снежня ў Пінску адбыліся пратэсты супраць інтэграцыі Беларусі і Расеі. На акцыю тады выйшла 11 чалавек. І вось праз тыдзень, 27 снежня. Міліцыянты пачалі выклікаць удзельнікаў акцыі на размову.

#Пінск, #Незалежнасць, было нас мала чалавек 11, але я шчаслівая пераадолеўшы свой страх. Бо адна справа прыйсці ў сталіцы, дзе чакаецца натоўп. І доўгая справа трымцець, што можна будзеш адзін. Дзякуй усім хто прыйшоў!!!Выйшла, бо не магу нават уявіць, што давядзецца жыць у Расеі, быць расейкай, страціць сваю мову, страціць сваю краіну, страціць надзею на перамены. Бо ў Расеі непраглядная цемра. Калі мы яшчэ маем шанец, маем спадзеў, што пераадолеем банду ва ўладзе, то Расейску банду не здужаем. Для мяне ж страта незалежнасці – гэта як быццам са сваёй хаты, перасяліцца ў дом-інтэрнат, нібыта застаешся чалавекам, цябе кормяць і адзяваюць, і можа быць нават не кепска, але самастойна прымаць рашэнні ты ўжо не можаш, робішся непаўнавартасным, не гаспадаром сабе. Дык ці можна ўвогуле бачыць у гэтым плюсы? Акрамя таго ўзнікне процьма эканамічных праблем, любая інтэграцыя азначае глабальныя выдаткі бюджэту, з’явяцца дадатковыя непатрэбныя структуры, якія зноў жа мы будзем карміць са сваёй кішэні. Прыедуць новыя гаспадары- начальнікі, перасяленцы, так заўсёды робяць, каб акупаваныя тэрыторыі русіфікаваць яшчэ мацней, каб мясцовае насельніцтва забылася, хто яны, каб зноў сталі проста тутэйшымі, а не годнай нацыяй. Ну і не трэба забываць, што нашы хлопцы паедуць служыць у гарачыя месцы. Што мы станем часткай краіны-агрэсара. Што гэта нам, мірным людзям, будзе сорамна глядзець у вочы іншым народам. Беларусь – краіна герояў!

Opublikowany przez Tatsianę Kebikavą Piątek, 20 grudnia 2019

«Павестку я атрымала ўчора [26 снежня. – Belsat.eu]. Міліцыянт чакаў мяне пад самай кватэрай. Як выйшла з ліфта – адразу яго ўбачыла, атрымала пазоў і распісалася. А сёння хадзіла ў РАУС», – распавядае адна з удзельнікаў мітынгу Таццяна Кебікава.

Паводле яе, участковы Раман Юнчык быў вельмі ветлівы.

«Усё так павярнулі, што, нібыта, яны і не супраць, але ж ёсць заканадаўства аб правядзенні масавых мерапрыемстваў. І так як мы парушылі гэтае заканадаўства, то яны вымушаныя на нас завесці адміністрацыйную справу. Прагучала такое, што яны не асуджаюць нас, а судзіць нас будзе суд, і, хутчэй за ўсё, нас апраўдаюць. Хаця, канешне, у гэта слаба верыцца», – кажа Таццяна.

Акцыя ў Пінску 20 снежня. Фота прадстаўлена Таццянай

Участковы размаўляў з Таццянай дзве гадзіны.

«Выказала міліцыянтам сваю пазіцыю, паспрачалася з імі. Мне казалі, што я парушаю закон. Але законы, якія створаныя незаконнай уладай, я не магу лічыць законнымі. Тыя ж расстрэлы ў 37-ым таксама праводзіліся згодна з законам. А бараніць незалежнасць сваёй краіны – гэта абавязак кожнага грамадзяніна. Гэта першае, што прапісваецца ў Канстытуцыі».

Яшчэ адзін допыт Таццяне прызначылі на 29-е снежня: «Напэўна, каб не ехала на мітынг у Менск і не ладзіла нічога ў Пінску. А суд будзе 9-га студзеня».

З размоваў паміж міліцыянтамі жыхарка Пінску пачула, што ў РАУС ужо няма вольных кабінетаў для апытанняў людзей. Таццяна распавядае, што дакладна ведае пра тое, што міліцыя выклікала як мінімум яшчэ двух актывістаў.

Акцыя ў Пінску 20 снежня. Фота прадстаўлена Таццянай

Напярэдадні 20-га снежня Таццяна напісала ў суполцы Пінску, што хоча, каб акцыя за незалежнасць прайшла і ў іх горадзе. У дзень пратэстаў на плошчу ў Пінску выйшла 11 чалавек. Аднак замест падзякі за актыўную грамадзянскую пазіцыю ўдзельнікі пікету атрымалі пазоў. Праўда, не ўсім яго даслалі.

Гэтак, Зміцер Тарасюк прыйшоў у РАУС, бо чуў, што ўдзельнікаў выклікаюць: «Учора заходзілі, але мяне не было ўдома. Я пабачыў, што нашых выклікаюць да следчага, вось я і прыйшоў. Мама казала, што прыходзілі сёння да мне ў хату, сказалі, быццам, хацелі мяне падвезці».

Абноўлена
Новыя затрыманні ўдзельнікаў пратэстаў супраць інтэграцыі
2019.12.27 09:29

Следчы і ўчастковы гутарылі са Змітром амаль тры гадзіны:

«Паказвалі мне відэа пікета, пыталі, ці ведаю іншых людзей. А я нікога не ведаю. Я казаў, што маю права выходзіць згодна з Канстытуцыяй. Мне сказалі, што не, бо ёсць артыкул 23.34 КаАП [Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў. – Belsat.eu]. Яны казалі, што я маладзец, што выйшаў на плошчу, што яны самі за Беларусь і нават намагаліся са мной размаўляць па-беларуску», – распавёў Зміцер Тарасюк.

Суд Змітру прызначылі на 8 студзеня.

Марыя Грыц Belsat.eu

Стужка навінаў